Дзяржустановы ЗША зачыняюцца: не зацвердзілі бюджэту


Федэральныя ўстановы згортваюць працу праз тое, што дзве палаты Кангрэсу не могуць дамовіцца наконт бюджэту.

Прычынаю ўсяму – рэформа аховы здароўя, якую прасоўвае адміністрацыя Барака Оўбамы. Палата прадстаўнікоў, дзе большасць – рэспубліканцы, хоча адкласці яе на год, а Сенат, у якім пераважаюць прыхільнікі прэзідэнта, адхіліў прапанову перанесці змены.

Апошні тэрмін, калі трэба было прыйсці да згоды, мінуў апоўначы паводле вашынгтонаўскага часу (7:00 паводле беларускага). Пасля органы федэральнага ўраду пачалі прыпыняць працу. Пакуль не будзе дасягнуты кампраміс, 700 тыс. чыноўнікаў пойдуць у неаплатны адпачынак.

Дзеяць будуць толькі жыццёва важныя службы, у тым ліку авіядыспетчары ды адказныя за ядравы арсенал. Не будуць выдаваць пашпартоў і візаў, затрымаюць пенсіі, не будуць працаваць камунальныя службы.

Прэзідэнт Оўбама, які прамаўляў у тэлеэфіры ў панядзелак увечары, абвінаваціў у сітуацыі рэспубліканцаў.

Папярэдні раз федэральныя ўстановы спынялі працу на мяжы 1995 і 1996 гг. – на 21 дзень.

АК, belsat.eu, паводле «Бі-Бі-Сі»

Стужка навінаў