За выхаванне дзетак у садках па-беларуску трэба змагацца


Дзве мовы дзяржаўныя, толькі сферы ўжывання іх – не аднолькавыя. За выхаванне дзетак у садках па-беларуску трэба змагацца. Сталічныя бацькі могуць святкаваць перамогу. У менскіх садках паўстануць адразу тры новыя групы з роднаю моваю выхавання. Як зрабіць, каб вашае дзіця магло выхоўвацца на матчынай мове?
{movie}Садочак па-беларуску (30.09.2013) |right|12702{/movie}
Мамы і таты перамаглі – групаў у дзіцячых садках, дзе можна выхоўваць дзетак па-беларуску, паболела. З ініцыятывы бацькоў і пры дапамозе грамадскай ініцыятывы “Вучымся па-беларуску” ў Менску адкрываюцца тры новыя беларускамоўныя групы ў Заводскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах. Шмат хто з жыхароў Менску хацеў бы навучаць дзяцей па-беларуску і ў іншых раёнах, але, дабіваючыся адкрыцця адпаведнай групы, як правіла, бацькі атрымліваюць адмовы.

ВІКТОРЫЯ РАДЗІЕЎСКАЯ, «ВУЧЫМСЯ ПА-БЕЛАРУСКУ»
: “Ім можа прыйсці адказ, што не набіраецца група, ці няма выхавацелек, ці штосьці яшчэ, ці спіс садкоў, у якія яны могуць накіраваць дзіця, дзе ёсць беларускамоўныя групы. Але гэты спіс недакладны”.

Актывісты высветлілі, што ў шмат якіх з пазначаных садкоў насамрэч беларускамоўных групаў не існуе. А вось з праблемаю адсутнасці выхавацелек ініцыятыва “Вучымся па-беларуску” можа дапамагчы даць рады. Актывісты плануюць аказваць метадычную дапамогу на беларускай мове, даваць кнігі ды дыскі, дапамагаць у правядзенні нацыянальных святаў і конкурсаў.

ДАР’Я КАТКОЎСКАЯ, ПРАВААБАРОНЦА
: “Канстытуцыя гарантуе, што ў нас – дзве дзяржаўныя мовы, і гарантуе атрыманне адукацыі на адной з дзвюх дзяржаўных моваў. Пры гэтым у заканадаўстве абсалютна адсутнічаюць працэдуры, якія гэта могуць гарантаваць”.

У пастанове Міністэрства адукацыі не прапісана, што мусяць рабіць бацькі, каб дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове. А раз не прапісана, то і абскарджваць няма чаго. З іншага боку, можна прыдумаць розныя варыянты. Бясплатна аказвае юрыдычную дапамогу і падказвае гэтыя варыянты бацькам ініцыятыва “Вучымся па-беларуску”.

ВІКТОРЫЯ РАДЗІЕЎСКАЯ, «ВУЧЫМСЯ ПА-БЕЛАРУСКУ»
: “Не ў кожнага хапае моцы, каб абіваць парогі ды нечага дасягаць. Таму мы аказваем і гэтае падтрыманне”.

Для пачатку працы адкрытых сёлета групаў неабходна іх дакамплектаваць, прычым аддаць дзіця можна з любога раёну гораду. І, як паказвае практыка, створаныя раней такія групкі напаўняюцца дзеткамі з беларускамоўных сем’яў не толькі з самых розных раёнаў Менску, але і з іншых паселішчаў, што месцяцца побач са сталіцаю. Хоць бацькоў гэта не пужае.

БАЦЬКІ ДЗЯЦЕЙ З БЕЛАРУСКАМОЎНАЙ ГРУПЫ
: “Яна кожны дзень чуе беларускую мову дома, у садку, яна развіваецца, спазнае новыя веды на гэтай мове. Канечне, задаволены”.
“Большасць дзетак таксама беларускамоўныя, бо дзеткі таксама камунікуюць адзін з адным і набіраюцца новых словаў”.
“Як дашкольная адукацыя, гэта працяг і паступовы пераход да агульнай адукацыі, таму лічу, што гэта добра, што ёсць такая магчымасць”.
“У нашай групцы дзеткі чамусьці не б’юцца, дзеці з 3 да 4,5 гадоў. Мне здаецца, што беларускамоўны асяродак мае адмысловую атмасферу”.

Адкрыццё новых групак – радасць для бацькоў, хоць колькасць беларускамоўных садкоў і высілкі, якія даводзіцца ўкласці для іх адкрыцця, нагадваюць працэс стварэння групаў на роднай мове для замежных дыяспараў, сумна жартуюць… беларускамоўныя беларусы.

Вольга Чайчыц, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў