Парад вар’яцкіх ідэяў працягваецца: Мінпрацы за падатак для беспрацоўных


Аляксандр Лукашэнка перадумаў збіраць выязное мыта з беларусаў, але Міністэрства працы раптам падтрымала іншую контраверсійную ідэю, гэтым разам прэм’ер-міністра Мясніковіча: увесці адмысловы падатак для беспрацоўных.

Тэму кампенсацыі выдаткаў дзяржавы на сацыяльныя паслугі незанятым насельніцтвам узняў першы намеснік міністра Пётр Грушнік падчас онлайн-канферэнцыі на сайце Мінпрацы.

Чыноўнік спаслаўся на адпаведны артыкул у Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што «грамадзяне абавязаныя браць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, мытаў ды іншых плацяжоў». «З пункту гледжання сацыяльнай справядлівасці выплату падаткаў мусяць забяспечваць усе грамадзяне працаздольнага ўзросту ў нашай, ды і ў любой іншай, краіне», – адзначыў першы намеснік міністра працы.

Грушнік падкрэсліў, што дзяржава фінансуе сістэмы аховы здароўя, адукацыі, ЖКГ, транспарту ды іншыя, таму Мінпрацы лічыць дарэчным, каб «выдаткі на аказанне гэтых паслугаў маглі б кампенсавацца ўсімі грамадзянамі ў выглядзе выплаты розных падаткаў».

«Таму цяпер у краіне прапрацоўваецца пытанне для вызначэння механізму кампенсацыі непрацоўным эканамічна актыўным насельніцтвам часткі дзяржаўных выдаткаў на аказанне ім ды іхным сем’ям сацыяльных і іншых паслугаў, якія датуюцца дзяржаваю», – падсумаваў чыноўнік.

Ён адзначыў, што каля 445 тысяч асобаў працаздольнага насельніцтва ў Беларусі нідзе не працуе, а значыць, не робяць ніякага ўнёску ў развіццё эканомікі. Адным са спосабаў выпраўлення гэтай сітуацыі ён назваў «падатак з непрацоўных».

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары