Найстарэйшы алтар Фарнага касцёлу ў Горадні адкрыты пасля рэстаўрацыі (Відэа)


У наступным годзе алтару св. Міхаіла Арханёла споўніцца 350 гадоў.

Пра гісторыю распавёў пробашч Фарнага касцёлу ксёндз Ян Кучынскі. Алтар – старэйшы за касцёл, у якім цяпер месціцца. Гарадзенскі кафедральны (Фарны) касцёл св. Францішка Ксаверыя адчыніў свае дзверы ў 1705 годзе. Алтар жа зрабілі ў 1664-м, у ім змясцілі цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай, які акурат тады прывезлі ў горад. Спачатку алтар захоўваўся ў першым у Горадні езуіцкім драўляным касцёле свсв. Пятра і Паўла. Калі ў 1725 годзе ў Фарным касцёле паўстаў уласны алтар, ранейшы змясцілі ў левы неф, дзе яго можна ўбачыць і сёння.

Урачыстае адкрыццё пасля рэстаўрацыі адбылося ў свята свсв. Арханёлаў Міхаіла, Габрыэля і Рафала 29 верасня. Рэстаўравалі алтар цягам года дзве групы адмыслоўцаў з Менску. Першая займалася драўлянаю канструкцыяй, другая – каларыстыкаю.

Паводле «Твайго Стылю», у храме плануюць абнавіць яшчэ восем алтароў.

{movie}Горадня: адкрыццё найстарэйшага алтара Фарнага касцёла пасля рэстаўрацыі|right|12685{/movie}

Не так даўно ў Фарным касцёле скончылася грандыёзная рэстаўрацыя галоўнага алтара, які пацярпеў падчас пажару ўлетку 2006 года. Фарны касцёл загарэўся спякотнаю ліпеньскаю ноччу. Дым убачыў вартаўнік, але праз некалькі імгненняў пра тое, што адбываецца, ведалі ледзь не ўсе жыхары цэнтральнай часткі гораду. Іх разбудзіў звон, які цудам спрацаваў сам па сабе. Яго не маглі спыніць амаль дзве гадзіны. Дзеля зручнасці звон злучаны з камп’ютарам і вежавым гадзіннікам. Дзякуючы гэтаму майстар не мусіць штогадзіны залазіць наверх. Калі падчас пажару адбылося кароткае замыканне, сістэма дала збой, і горад напоўніўся звонам. Тады разам з іншымі прачнуўся і біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Аліна Кашкевіч, Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў