За салідарнасць са Статкевічам – пад суд


Журналістаў і тэхнічных працаўнікоў сайту «Serabranka.by», якія выйшлі на спартовыя спаборніцтвы ў кашульках з партрэтам Статкевіча, будуць судзіць. Міліцыянты палічылі, што гэткія дзеянні парушаюць парадак правядзення пікетаванняў (артыкул 23.34 Кодэксу аб Адміністрацыйных парушэннях).

У суботу працаўнікі сайту «Serabranka.by» Яўген Напорка, Максім Дубоўскі, Кірыл Жываловіч ды Андрэй Вісловіч вырашылі ўзяць удзел у Кубку выкліку – адкрытай спартовай імпрэзе. Аднак трапілі ў пастарунак – іхнія кашулі не спадабаліся працаўнікам АМАПу.

Яшчэ перад інцыдэнтам з АМАПам Кірыл Жываловіч распавёў «Белсату», што гэткім чынам журналісты пастанавілі выказаць сваё падтрыманне спадару Статкевічу. «Я добра ведаю, што Мікалай таксама займаўся спортам і падтрымліваў здаровы лад жыцця».

У Цэнтральным РУУСе затрыманыя правялі каля 5 гадзінаў. У дачыненні працаўнікоў сайту «Serabranka.by» склалі пратаколы, у якіх гаворыцца аб іхным «удзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні, падчас якога яны стаялі перад сцэнаю і людзьмі, апрануўшы майкі з партрэтам». З пастарунку выпусцілі толькі Кірыла Жываловіча, іншых затрыманых адправілі ў ізалятар. Разбор справы адбудзецца ў панядзелак у судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары