Свята хлебаробаў у горадзе металургаў (рэпартаж, фота)


https://youtu.be/WAYNVz0fR1o
Аграрыі святкуюць перамогу. У горадзе металургаў, Жлобіне, пасля цяжкай барацьбы за ўраджай нібы ваяроў віталі працаўнікоў сяла. Уганараваць найлепшых механізатараў наведаўся і кіраўнік краіны.

{movie}Фестываль грыміць|right|12682{/movie}

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«За апошнія дваццаць гадоў мы прайшлі шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага збытку. Як кажуць у народзе, абы былі грошы…».

І паводле таго, з якім размахам адзначаюць свята, дасканала відаць гэты збытак і на якія мэты выдаткоўваюць бюджэтныя грошы.

Шмат казаў кіраўнік краіны і пра адрамантаваны горад, плошчу ў якім назваў найлепшаю ці не ўва ўсім свеце.

А каб Лукашэнка гэткае мог сказаць, Жлобін да свята рамантавалі ледзь не ўсёю Гомельшчынаю. Штодня да «Дажынак» у горадзе працавалі больш за 2 тысячы рабочых. Штотыдзень жыхары гораду выходзілі на суботнікі, на якія ўлады арганізоўвалі нават працоўныя дэсанты з іншых гарадоў. Цягам кароткага прамежку часу для рамонтных працаў тут выдаткавалі прыблізна Br 1,5 трлн. Эфект відавочны.

ЖЫХАРЫ ЖЛОБІНУ:
«Навялі парадак паўсюль. Усё добра».
«Прыемна, што горад змяніўся, што столькі працы ўклалі ў горад. Мы таксама ўнеслі сваю працу».
«Жончын брат казаў, што нам пашанцавала вельмі. Кажа, я вам зайздрошчу».
«Лепш стала. Прыгажэй. Зручней. Пешаходныя пераходы зрабілі, паставілі святлафоры».

Цяжка ўявіць пасля гэткіх каментароў, як выглядаў горад раней… І ў якім стане застаюцца ўсе гарады краіны, якіх пакуль не рамантавалі на «Дажынкі». Хоць і ў Жлобіне ёсць яшчэ што зрабіць…

ЖЫХАРКА ЖЛОБІНУ:
«Хацелася б, каб не толькі цэнтр, але яшчэ і іншыя вуліцы гораду таксама добраўпарадкавалі. Напрыклад, на вуліцы Таварнай было б добра паставіць агароджы. Каб таксама дарогу праклалі, каб добраўпарадкавалі дарогі, што ўздоўж галоўнай».

Але цяпер гэта неістотна. Пакуль ува ўсю гуляе агракарнавал. Народ весяліцца ды забаўляецца. І ніхто не думае пра пахмелле, пра крызісны стан у сельскай гаспадарцы. Якая мала таго, што нерэнтабельная, дык і стратная. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, чыстыя страты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў за першае паўгоддзе сёлета склалі Br 1,2 млн. І гэта таксама кошт сёлетніх «Дажынак».

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»
Фота БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары