Прафесар Ігар Канкалеўскі: Рэч Паспалітую цяжка ўявіць без беларусаў


«Сёння з польскай перспектывы цяжка ўявіць функцыянаванне колішняй Рэчы Паспалітай без старабеларускай культуры, а самую Рэч Паспалітую – без беларусаў», – гаворыць прафесар Ігар Канкалеўскі з Музею гісторыі Польшчы.

{movie}Прафесар Ігар Канкалеўскі: Рэч Паспалітую цяжка ўявіць без беларусаў|right|12675{/movie}

У Замосці (Польшча) пад патранатам прэзідэнта Польшчы ды медыйным падтрыманні «Белсату» адбыліся ўрачыстасці з нагоды 600-годдзя Гарадзельскай уніі.

З польскага пункту гледзішча гэтае пагадненне прызнаецца вялікім палітычным поспехам Польскага каралеўства і Каталіцкага касцёлу. Для беларусаў выгоды уніі не гэтак ужо і відавочныя: новая дамова скасоўвала большую частку Крэўскай уніі 1385 года. Хоць яна і пацвярджала існаванне ВКЛ як незалежнай дзяржавы, у той самы час прызнавала ўладаранне польскага караля, які мусіў стаць уладаром ВКЛ па смерці вялікага князя. Пры гэтым 47 родаў ВКЛ займелі гербы, а каталіцкія шляхцічы ВКЛ атрымалі тыя самыя прывілеі, што і польская шляхта.

«Падпісаная 600 гадоў таму дамова была вынікам першага ў гісторыі Сойму Абодвух народаў. Яна стала пунктам адліку ў развіцці еўрапейскай дэмакратыі. Унія, якую заключылі не ў выніку агрэсіі, а ў выніку добраахвотнай дамовы, праіснавала 378 гадоў», – падкрэслівае Анджэй Кшыжаноўскі, маршалак Таварыства нашчадкаў Вялікага сойму (Польшча).

«Да канца ХVII ст. кожны трэці Вальны сойм адбываўся ў Горадні. Горадня – гэта тая забытая сталіцы Рэчы Паспалітай, – дадае прафесар Ігар Канкалеўскі. – Колішняя Рэч Паспалітая мела чатыры сталіцы. У Каралеўстве Польскім гэткімі сталіцамі былі Кракаў і Варшава. У ВКЛ – дзве сталіцы парламентарызму: гэта Вільня, дзе адбываліся невялікія з’езды літоўскай шляхты, а кожны трэці Вальны сойм адбываўся ў Горадні – адной з найважнейшых рэзідэнцыяў польскіх каралёў і князёў ВКЛ».

На ягоную думку, без беларусаў немагчыма ўявіць Рэч Паспалітую. «Ці гэтая унія была дабром для беларусаў? Я не магу адказаць. Я б з радасцю пачуў адказ на гэтае пытанне з беларускага боку: не толькі ад гісторыкаў, але і ад сучасных шараговых беларусаў. Што яны думаюць на гэты конт і, што вельмі важна, ці дазволена ім думаць пра колішнюю Рэч Паспалітую?», – гаворыць прафесар Канкалеўскі.

Як ацэньваюць гэтае пагадненне беларускія гісторыкі? Глядзіце цыкл «Гісторыя пад знакам Пагоні», адное з выданняў якога прысвечанае Гарадзельскай уніі 1413 года.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў