«А «Белсат» бяжыць?» – «Усе бягуць!» (Відэа)


Журналісты і аператары нашага тэлеканалу ўзялі ўдзел у фестывалі бегу Кубак выкліку. На жаль, спартовую імпрэзу, у якой бралі ўдзел і журналісты з розных медыяў, сапсавалі затрыманні. АМАПАўцы забралі ў пастарунак нашых калегаў з сайту «Серабранка.бай» за тое, што былі апранутыя ў кашулькі з партрэтам Мікалая Статкевіча.

{movie}Кірыл Жываловіч: выйшлі, каб патрымаць Статкевіча!|right|12673{/movie}

Яшчэ перад інцыдэнтам з АМАПам Кірыл Жываловіч, які хацеў выйсці на старт у кашулі з выяваю палітзняволенага, распавёў «Белсату», што гэткім чынам журналісты пастанавілі выказаць сваё падтрыманне спадару Статкевічу: «Я добра ведаю, што Мікалай таксама займаўся спортам ды падтрымліваў здаровы лад жыцця».

Каманду «Серабранкі» забралі проста са спаборніцтваў, за 15 хвілінаў да старту.

«Беглі разам з журналістамі дзяржаўных медыяў»

{movie}Аляксандр Баразенка пра Кубак выкліку|right|12672{/movie}

Каманда нашага тэлеканалу хоць і не заняла першага месца, паводле аператара Аляксандра Баразенкі, выступіла нядрэнна: «Гэта Кубак выкліку, галоўнае было – прыняць выклік да самога сябе, адолець дыстанцыю».

Побач з нашаю камандаю беглі і журналісты з дзяржаўных медыяў. «Спорт нас аб’ядноўвае, мы ведаем, што пры любой уладзе для нас галоўнае, каб беларусы былі здаровымі людзьмі», – дадаў Баразенка.

Зоркі і аматары – на адной дыстанцыі

{movie}Герасіменя і Талай на Кубку выкліку|right|12674{/movie}

Сярод удзельнікаў Кубку выкліку былі і прафесійныя спартоўцы. Спрынтарка Аліна Талай, чэмпіёнка Еўропы 2011 года сярод моладзі, бронзавая прызёрка чэмпіянату свету–2011, распавяла нашым журналістам, што на дыстанцыі не паддавалася аматарам. Дыстанцыя тры кіламетры для спрынтаркі нязвыклая. «Але я старалася трымацца з нашымі аматарамі бегу, якія бегаюць вельмі хутка, і, я думаю, мне ўдалося», – усміхаецца спартоўка.

Плыўчыха Аляксандра Герасіменя, чэмпіёнка свету 2011 года ў Шанхаі, чэмпіёнка і срэбны прызёр чэмпіянату Еўропы–2010 у Будапешце, параўнала дыстанцыю тры кіламетры з заплывам на 800 метраў: «Было цяжка, але здолела, жывая і усміхаюся».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў