«Цар перадумаў». Мыта $ 100 не будзе! (Дапоўнена)


«Вось, ляпнуў сабе на шкоду, напэўнае. Але я гэтага не баюся», – Аляксандр Лукашэнка пра выязны грашовы збор.

Як аказалася, увядзенне абавязковага мыта для беларусаў, што выязджаюць за межы краіны, у прыватнасці, у краіны Еўразвязу, было «магчымаю захадаю для зніжэння адтоку валюты за мяжу». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам увечары ў суботу.

«Я клапачуся не пра тое, каб забараніць выезд нашым грамадзянам, мяне непакоіць, што амаль $ 3 млрд валюты штогод вывозяць за мяжу», – патлумачыў кіраўнік краіны. І гэтую захаду, паводле Лукашэнкі, агалошвалі ў якасці прыкладу.

Хаця яшчэ нядаўна ніхто не мог адназначна сказаць, што абсурдальную прапанову не ажыццявяць. Гэтак Пётр Пракаповіч, што займае пасаду віцэ-прэм’ера, усур’ёз разважаў пра магчымыя механізмы атрымання выязнога мыта.

Але ні «чалнакоў», ні тых, хто проста ездзіць за мяжу, каб набыць танную вопратку і бытавую тэхніку, відаць, у спакоі не пакінуць. «Добра, не будзем з цябе браць сто долараў, але будзеш вазіць шмоткі, як у іншых дзяржавах, – заплоціш мыта», – перадае словы Лукашэнкі дзяржаўная агенцыя БелТА.

«Трошкі ўздрыгнуў, палаяў Лукашэнку – таксама някепска, я маю быць у тонусе. Але трэба супакоіцца. Горш людзям мы ніколі не рабілі і рабіць не будзем», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў