Ці можа быць смерць тэмай для мастацтва?


Ці можа дзяржава забіраць у свайго грамадзяніна жыццё, і ці гэта тэма для мастацтва? Прынамсі, яно можа прыцягнуць да гэтай праблемы ўвагу грамадскасці – упэўненыя беларускія музыкі. Днямі мае адбыцца прэм’ера праекту найбольш вядомых айчынных творцаў пад назваю “Апошні золак”. Яго ўдзельнікі заклікаюць скасаваць у Беларусі смяротную кару.
{movie}«Апошні золак» (27.09.2013) |right|12667{/movie}
Нішто так не закранае чалавечых душаў, як музыка. Каб трапіць да чалавечых сэрцаў, вядомыя беларускія выканаўцы вырашылі творча асэнсаваць праблему смяротнага пакарання.

АЛЕСЬ ДЗЯНІСАЎ, МУЗЫКА:
“Грамадства трэба падрыхтаваць не тое, каб да адмены, а да таго, каб яно магло публічна абмяркоўваць, бо гэта не абмяркоўваецца, а пра гэта трэба казаць”.

Расстрэл, укрыжаванне, газавыя камеры, гільяціна, электрычнае крэсла, атручванне і шыбеніца. Спосабаў забраць жыццё ў імя закону – багата. Кожнаму з іх у альбоме прысвячаецца асобная кампазіцыя.

ПАВЕЛ БАНДЗІЧ, РЭЖЫСЁР ПРАЕКТУ:
“У нашым праекце бяруць удзел сем выканаўцаў, і менавіта для гэтага праекту напісаныя сем новых песень”.

І кожны з музыкаў мае свае асабістыя прычыны, каб звярнуцца да праблемы забірання жыцця ў іншага чалавека. Ганна Хітрык кажа, што стаўленне да тэмы можа змяніцца, калі на месцы таго, хто чакае пакарання, уявіць сябе, ці падумаць пра стан бацькоў, у дзіцяці якіх забіраюць жыццё.

ГАННА ХІТРЫК, МУЗЫКА, АКТОРКА:
“Маці тых дзяцей, якіх не стала і якія не могуць паглядзець на сваё дзіця і не могуць схадзіць на магілу гэтага дзіцяці”.

Лявон Вольскі нагадвае пра памылкі правасуддзя – як, напрыклад у справе серыйнага забойцы Міхасевіча, калі да ягонага затрымання паспелі пакараць 14 невінаватых мужчынаў.

ЛЯВОН ВОЛЬСКІ, МУЗЫКА: “Там настолькі змардавалі следчыя людзей, якія не былі вінаватыя ні ў чым. Быў вінаваты, ясна, Міхасевіч. Яны проста, каб усё гэта скончылася хутчэй, наколькі я разумею, давалі паказанні – фактычна паклёп на сябе, і іх расстралялі”.

Беларускія музыкі абяцаюць прэзентаваць супольны праект “Апошні золак” у інтэрнэце ды прымеркаваць яго да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, што адзначаецца 10 кастрычніка.

Беларусь дагэтуль застаецца адзінаю еўрапейскаю краінаю, дзе на рашэнне ўладаў у людзей забіраюць жыцці.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў