Ці варта ісці ў міліцыянты?


У інтэрнэце патэнцыйным кандыдатам на месца ахоўніка правапарадку ў Менску прапаноўваюць ад Br 4 млн да Br 5,5 млн заробку. То бок малодшы супрацоўнік сталічнай міліцыі можа разлічваць на гарантаваныя палітыкам нумар адзін $ 500, калі добра папрацуе, вядома.

Сярод пераваг працы ў органах, акрамя стабільнага заробку, у абвестках пералічаюць: гнуткі графік, высокі (у параўнанні з іншымі дзяржаўнымі службоўцамі) заробак, жытло ў Менску, у тым ліку ў інтэрнаце Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менгарвыканкаму (у некаторых выпадках – кампенсацыя арэнды жылля). Апроч таго –праца ў новым адрамантаваным будынку, бясплатная шыкоўная трэнажорная зала, прэміі за спартовую актыўнасць, магчымасць бясплатна навучацца ў ВНУ сістэмы МУС і на юрыдычных факультэтах.

За ўвесь гэты шык малады спецыяліст у галіне аховы парадку будзе вымушаны пазменна працаваць па 12 гадзінаў на дзень, несці патрульную службу ці працаваць паводле графіку дзень+ноч і два выходныя.

Але далёка не кожны можа трапіць у шэрагі доблеснай сталічнай міліцыі. Кандыдат, як мінімум, мусіць быць грамадзянінам Беларусі ды мець сярэднюю адукацыю. Ён павінен валодаць дзелавымі ды маральнымі якасцямі, быць здаровым (падпадаць пад 1-ю або 2-ю групы годнасці), каб «выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных справаў».

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў