Мэр Парыжу адправіў да Бяляцкага ліст салідарнасці


«Я не мог абысці маўчаннем гадавіну з моманту несправядлівага турэмнага зняволення, ахвярай якога Вы сталі з 4 жніўня 2011 года, і хацеў бы зноў запэўніць Вас у маім падтрыманні ды глыбокай павазе, якую ў мяне выклікае Вашая барацьба за правы чалавека ў Беларусі», – напісаў зняволенаму праваабаронцы мэр Парыжу Бэртран Дэлянаэ.

Ліст да Алеся Бяляцкага апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». Бэртран Дэлянаэ напісаў, што ведае пра тыя жорсткія ўмовы, у якіх апынуўся беларускі праваабаронца.

«Тытул ганаровага грамадзяніна Парыжу, якім дэпутаты нашага гораду ўганаравалі Вас на маю просьбу ў 2012 годзе, сімвалізуе салідарнасць з Вамі і Парыжу, і парыжанаў. Іншая праява гэтай салідарнасці – Ваш партрэт, які вісіць на плошчы перад будынкам мэрыі 11-й акругі Парыжу», – цытуе «Вясна» ліст да Бяляцкага.

Партрэт Алеся Бяляцкага, пра які вядзецца ў лісце, вывесілі ля парыжскай мэрыі ў межах акцыі «Парыж за Алеся Бяляцкага!».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў