КДБ зняў кватэру для Баўмгертнера. Далей – квіток да Масквы?


Генеральнага дырэктара «Уралкалію» перавялі з ізалятару пад хатні арышт. Паводле адваката Уладзіслава Баўмгертнера, гэта адбылося ў ноч з 25 на 26 верасня.

Расейскі адвакат Аляксей Басістаў паведаміў медыям, што цяпер ягоны падабаронны ў кватэры, якую зняў для яго беларускі КДБ. Паведамляецца таксама, што да Баўмгертнера пусцілі ягоную маці, якая прыляцела ў Менск.

«Незалежнае следства» – цяпер у Расеі?

Яшчэ нядаўна дзяржаўныя медыі, ды і сам Лукашэнка грымелі: «выціраць ногі аб Беларусь нікому не дазволена», на дзяржаўным тэлебачанні гучалі наўпроставыя абвінавачанні на адрас расейскіх менеджараў у нанясенні стратаў нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Сітуацыя пачала выразна змяняцца пасля таго, як стала вядома, што алігарх Сулейман Керымаў мае намер пазбавіцца ад сваёй долі акцыяў «Уралкалію». Пазней у Менск прылятаў Генпракурор Расеі Юрый Чайка. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён азнаёміўся з матэрыяламі справы супраць кіраўніцтва «Уралкалію» і вёў перамовы пра магчымую экстрадыцыю Баўмгертнера ў Расею.

Змянілася і пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што не выключае выдавання топ-менеджара Расеі.

«Трэба перадаць ім (расейскім праваахоўнікам. – belsat.eu) усе матэрыялы, якія яны ў нас просяць, якія маюць стаць асноваю для правядзення аўдыту, у тым ліку праз Лічыльную палату Расеі, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Калі расейскія следчыя будуць зацікаўленыя ў экстрадыцыі затрыманага, то я тут не бачу асаблівых перашкодаў».

Сітуацыя вакол «Уралкалію» стала таксама адною з тэмаў перамоваў Лукашэнкі ды Пуціна, аднак іх вынік афіцыйна не агалошваўся.

Як правалілася «калійнае братэрства»

«Беларуськалій» і «Уралкалій» прадавалі калійныя ўгнаенні праз «Беларускую калійную кампанію» са штаб-кватэраю ў Менску. Дзякуючы такому аб’яднанню доля калійных угнаенняў, што прадавалася праз БКК, склала больш за 40 % сусветнага экспарту.

29 ліпеня рада дырэктараў «Уралкалію» пастанавіла спыніць продаж сваёй прадукцыі праз БКК. Маскоўская біржа была вымушаная прыпыніць гандаль акцыямі «Уралкалію» – адразу пасля заявы аб разрыве гандлёвых дачыненняў, уладальнікі кампаніі згубілі амаль $ 1 млрд. За дзень каціроўкі акцыяў кампаніі ўпалі на 19 %. Прыблізна на столькі ж абваліліся акцыі меншых вытворцаў калійных угнаенняў – агульныя страты калійных кампаніяў склалі $ 18 млрд за адзін дзень.

Старшыню назіральнай рады Беларускай калійнай кампаніі – генеральнага дырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера арыштавалі падчас візіту ў Менск. Яшчэ чатырох менеджараў найвышэйшага ўзроўню БКК абвесцілі ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў