Продажы гарэлкі ўпалі, але выпіваць менш не сталі


Белстат апублікаваў свежыя звесткі пра колькасць прададзенага ў Беларусі алкаголю. Ад студзеня да жніўня 2013 г. прадалі на 11,3 % гарэлкі менш, чым у 2012 г. Менш прадалі крамы і пладовых вінаў – продажы скараціліся на 5 %. Затое піва прадалося на 6,4 % больш.

Паводле апошніх даследаванняў, колькасць прададзенага алкаголю наўпрост звязаная з узроўнем смяротнасці ў нашай краіне. Цягам апошніх гадоў у Беларусі захоўвалася тэндэнцыя росту продажу гарэлкі ды росту ўжывання алкаголю ўвогуле. Гэтак, у 1990-я сярэднестатыстычны беларус выпіваў 5,7 літра алкаголю. У 2012 г. лічба дасягнула крытычнай адзнакі 11,2 літра (10.4 у 2011 г.). Згодна са звесткамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, калі нацыя ўжывае больш за 8 літраў на душу насельніцтва, гэта сведчыць пра тое, што яна выраджаецца.

Тым часам лідарам у колькасці ўжытага на душу насельніцтва алкаголю ў Еўропе цяпер стала Малдова (21 літр). На другім месцы ў рэйтынгу самых алкагольных нацыяў, паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, – Люксембург (16 літраў), на трэцім – Эстонія (15,8), Беларусь у гэтым алкарэйтынгу на 11-м месцы.

На думку адмыслоўцаў, у пытаннях злоўжывання спіртным людзей умоўна можна падзяліць на некалькі групаў.

1. Людзі, якія практычна не ўжываюць алкаголю: 2–3 разы на год не больш за 100 грамаў віна.

2. Людзі, якія эпізадычна ўжываюць алкаголь: ад 1 разу на 2–3 месяцы да 1–2 разоў на месяц.

3. Тыя, хто злоўжывае: да 4 разоў на месяц ад 150–200 грамаў да 300 грамаў гарэлкі. У гэтую групу трапляюць мінімум 20 % грамадзянаў нашай краіны.

4. Апошняя група – хворыя на алкагалізм.



Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў