Свабода падарожжаў: Беларусь – паміж Кубаю ды Угандаю


Беларусам не трэба віза, каб наведаць 61 краіну свету. Лічба немалая, аднак абсалютна ўсе нашыя найбліжэйшыя суседзі ў «бязвізавым» ранкінгу займаюць больш высокія месцы.

Кансалтынгавая кампанія «Henley&Partners» апублікавала глабальны рэйтынг краінаў паводле свабоды бязвізавага перамяшчэння. «Візавыя патрабаванні выяўляюць адносіны паміж краінамі ды адлюстроўваюць статус краіны ў межах міжнароднай супольнасці», – гаворыцца ў прадмове да вынікаў даследавання.

У гэтым сэнсе статус нашай краіны не надта высокі – Беларусь падзяляе 66-е месца ў рэйтынгу разам з Кубаю, Ганаю і Казахстанам. Паводле рэйтынгу, свет больш адкрыты нават для жыхароў гэткіх экзатычных краінаў, як Уганда, Танзанія, Намібія і Гамбія.

Грамадзяне ж суседніх краінаў маюць большую свабоду бязвізавых перамяшчэнняў. Гэтак палякі, латышы ды літоўцы могуць наведаць без візы больш за 150 краінаў. Расейцы ды украінцы – адпаведна 95 і 77 краінаў.

Прасцей за ўсё падарожнічаць жыхарам Фінляндыі, Швецыі ды Брытаніі – ім непатрэбныя візы ў 173 краіны свету.

На сайце Міністэрства замежных справаў Беларусі апублікаваны спіс з 21 краіны, у якія беларусы могуць уязджаць, маючы толькі пашпарт. У рэйтынгу ж «Henley&Partners» улічваюцца таксама ўмоўна-бязвізавыя краіны, па якіх можна падарожнічаць без візы ў пэўных абставінах, напрыклад, маючы турыстычную пуцёўку, зваротныя квіткі ці зарэзерваваныя месцы ў гатэлі.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары