Вялікая спартовая рэвалюцыя


Да чэмпіянату свету па хакеі рыхтуецца не толькі сталіца, але і ўся краіна. Чаго ж спадзявацца беларусам і гасцям спаборніцтваў – распавялі арганізатары. У прыватнасці – продаж квіткоў распачнецца з наступнага панядзелка, а пераносіць час навучання для студэнтаў хутчэй за ўсё не будуць.
{movie}Да чэмпіянату гатовыя? (24.09.2013) |right|12615{/movie}
Шайбы ў браму студэнтаў не заб’юць – перанос тэрмінаў навучэння з вясны на лета, якога гэтак баяліся навучэнцы сталічных універсітэтаў, хутчэй за ўсё адменяць.

ЯЎГЕН ВОРСІН, СТАРШЫНЯ ФЕДЭРАЦЫІ ХАКЕЮ:
«Вучэбны год не будуць пераносіць, заняткі не будуць здымаць з адной простай прычыны – месцаў для размяшчэння дастаткова для выкарыстання базы, якой мы валодаем».

У той жа час студэнцкія інтэрнаты будуць выкарыстоўваць для размяшчэння гасцей. Апроч таго, будуюць 11 новых і аднаўляюць 22 старыя гатэлі. Праўда, адмыслоўцы папярэджваюць: шмат для каго, асабліва маладых заўзятараў, яны будуць недаступныя.

ЦІМАФЕЙ АКУДОВІЧ, ЭКСКУРСАВОД:
«Відавочная нястача гостэлаў. Багатых гатэляў будуюць аж залішне, а не стае таннага жытла. І невядома, як гэта развяжуць».

Да таго ж, на думку знаўцы гарадскіх прастораў, не развязаная і праблема адсутнасці якасных фаст-фудаў, і недастатковай колькасці англамоўных гідаў. Замежнік найхутчэй зведае таксама праблемы з перамяшчэннем па Менску. Калі ў еўрапейскіх гарадах на прыпынках вісяць расклады руху з указаннем часу прыбыцця транспарту з дакладнасцю што да хвіліны ды з пералікам усіх прыпынкаў маршруту, то менскія малаінфарматыўныя шыльды з раскладамі ніхто не перарабляў.

Аднак афіцыйна Беларусь на час чэмпіянату стане адкрытаю краінаю. Прынамсі і для некаторых – бязвізаваю.

ЯЎГЕН ВОРСІН, СТАРШЫНЯ ФЕДЭРАЦЫІ ХАКЕЮ: «Права на ўезд і на выезд – будзе дакумент, які ўказвае асобу, – гэта пашпарт, і квіток – электронная версія, арыгінальны білет, сертыфікаты на білет».

Зрабіць гэты крок было неабходнасцю, калі ўлады сапраўды разлічваюць на турыстычны бум. Рэч у тым, што звычайна зрабіць візу ў Беларусь – справа не самая лёгкая.

ЦІМАФЕЙ АКУДОВІЧ, ЭКСКУРСАВОД: «Консульстваў няшмат, нараканні ёсць на іх працу ў іншых краінах, і не ўсім даюць, нейкія паўстаюць пытанні».

Затое на пытанне пра магчымы паўторны перанос здавання «Чыжоўка-Арэны», адной з дзвюх пляцовак спаборніцтваў, старшыня Федэрацыі хакею адказаў адназначна.

ЯЎГЕН ВОРСІН, СТАРШЫНЯ ФЕДЭРАЦЫІ ХАКЕЮ:
«Мы гарантуем, што такога не будзе, што 7 лістапада «Чыжоўка-Арэну» ўвядуць у строй».

Што праўда, ці доўга яна будзе трэба? Паводле прагнозаў, інвестыцыя наўрад ці акупіць сябе.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:
«Комплекс «Менск-Арэна» ўвогуле стратны. Усе спартовыя буйныя пабудовы ў Беларусі – стратныя. Яне не могуць разлічыцца за электраэнергію. Таму спадзявацца, што калі мы правядзем чэмпіянат свету па хакеі і закрыем усе страты, было б наіўна».

Калі эканамічнай выгады не прадбачыцца, то навошта ўладам было настойваць на правядзенні ў Беларусі чэмпіянату, якое доўга было пад пытаннем?

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:
«Гэта чыста палітычны праект, чыста прапагандысцкая імпрэза. Я ў ім эканамічнага боку не бачу. Будзе прыбытак транспартных сістэмаў, таксістаў, гатэляў, штосьці пойдзе ў рэтэйле: сувеніры, распродажы. Але гэта літаральна некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, не больш».

Таму, відаць, ад правядзення чэмпіянату застаецца чакаць выключна маральнага задавальнення, яркіх спартовых уражанняў ды непрывычнага для нашай краіны віду натоўпаў турыстаў.

Мар’яна Чарняева, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў