Забойства – гэта не правасуддзе


З розных прычынаў, але да аднаго і таго ж – адмены смяротнага прысуду – заклікаюць праваабаронцы, дзеячы апазіцыі ды прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесіяў. Як абараніць жыццё чалавека, абмяркоўвалі вернікі і грамадскія актывісты ў Доме міжцаркоўных зносінаў «Кінанія» ў паселішчы Калодзішчы.

{movie}Забойства – гэта не правасуддзе|right|12589{/movie}

У 2012 годзе беларускія суды не вынеслі ніводнага смяротнага выраку, але ўжо сёлета іх пачулі 3 асобы. Сярод іх – Павел Сялюн, прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання за наўмыснае падвойнае забойства. У мінулы аўторак Вярхоўны суд пакінуў прысуд у ягонай справе без зменаў. А таму тэма круглага стала – каштоўнасць жыцця – зноў уздымае балючае пытанне ўзаконенага забойства.

ЮЛІЯ ХЛАШЧАНКОВА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНСКІ КАМІТЭТ:
«Калі мы кажам, што нельга караць смерцю таго ці іншага злачынцу, мы баронім не злачынцу, а грамадства».

Беларусь – апошняя дзяржава Еўропы і СНД, дзе выконваецца пакаранне смерцю. Тым не менш, паводле травеньскіх даследаванняў сацыёлагаў з кансалтынгавай фірмы «Сацыё», ажно 30 % нашых суграмадзянаў нават не ведаць, што ў Беларусі смяротнае пакаранне… існуе.

ЮЛІЯ ХЛАШЧАНКОВА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНСКІ КАМІТЭТ:
«Мы, як грамадства, дайшлі да пэўнай ступені. І калі нейкі злачынца робіць крок назад, гэта не значыць, што мы мусім зрабіць гэты крок за ім. Мы, як грамадства, засталіся на гэтай ступені».

Між тым, у справе смяротнага пакарання нашае грамадства застаецца падзеленым амаль роўна напалову, але пасля расстрэлу асуджаных за тэракт у менскім метро колькасць праціўнікаў пачала расці.

ПІНЧУКІ:
«Бог даў жыццё, бог можа забраць, больш ніхто».

«Я – супраць смяротнага пакарання, бо гэта грэх».

«Калі, напрыклад, забіў, то, вядома ж, трэба – навошта такія людзі».

«Я лічу, што патрэбна: раз заслужыў, то мусіць адказваць за свае дзеянні».

У тых, хто выступае супраць, пераважаюць хрысціянскія прычыны. Улетку ўпершыню Мітрапаліт Філарэт выступіў з акрэсленаю і гучнай заяваю – мы супраць смяротнага пакарання.

АЙЦЕЦ ГЕОРГІЙ ЛАПУХОЎ, СІНАДАЛЬНАЯ КАМІСІЯ ТУРЭМНАГА СЛУЖЭННЯ:
«Вельмі шмат яшчэ трэба працаваць з грамадзянамі нашай краіны, каб яны прыйшлі да пазіцыі выбачэння».

А таму рэкамендацыі круглага стала для святароў могуць быць дапаможнымі ў штодзённым служэнні – лічаць у Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне».

МІКОЛА МАТРУНЧЫК, ДЫРЭКТАР МІСІІ:
«Мы хацелі зрабіць такі пасыл у грамадства, каб большасць людзей задумалася над гэтым пытаннем і вызначылі прынцыпы, паводле якіх яны жывуць і якія дапамагаюць ім глядзець на выкарыстанне смяротнага пакарання».

10 кастрычніка – Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Для ўвядзення мараторыя дастаткова аднаго ўказу.

Аліна Коўшык, «Аб’ектыў»

https://youtu.be/PEytFiRclno

Глядзі таксама
Каментары