Менская міліцыя задаволеная вынікамі вучэнняў у метро


Тысячы менчукоў былі вымушаныя рабіць незапланаваныя перасядкі, спазняцца на сустрэчы, выварочваць перад міліцыянтамі свае торбы – працаўнікі праваахоўных органаў «спрабавалі знайсці і абясшкодзіць умоўную выбуховую прыладу». «Заданне выканалі – умоўны прадмет знайшлі і нейтралізавалі», – паведамляе прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, адпрацоўваліся дзеянні пры выяўленні безгаспадарнага багажу, у якім можа быць выбуховая прылада. «Гэты комплекс захадаў праходзіў ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных», – адзначаецца ў паведамленні.

Паводле менскай міліцыі, падчас вучэнняў а 15:35 доступ на станцыю метро «Плошча Якуба Коласа» абмежавалі, а электрацягнікі ішлі без прыпынку. А 16:45 функцыянаванне станцыі аднавілі.

Пра вучэнні ведалі не ўсе

У другой палове дня з’явілася інфармацыя, што міліцыянты перакрылі доступ пасажыраў на станцыю метро «Плошча Якуба Коласа» з-за падазронага пакета. Пра гэта паведамілі ў дыспетчарскай службе Менскага метрапалітэну. Паводле відавочцаў, прыкладна а 16:00 цягнікі на гэтай станцыі ўжо на спыняліся. З вакна электрацягніка было відаць, што платформа пустая. У той жа час уваходы на станцыі метро «Акадэмія навук» і «Плошча Перамогі» – узмоцненыя міліцыяй і АМАПам.

Потым з’явілася паведамленне, што перакрылі і станцыю «Кастрычніцкую», у цэнтры гораду было чуваць сірэну.

Колькі гадзінаў таму карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі паведамляць пра татальны надгляд торбаў у пасажыраў метрапалітэну.

Пра тое, што ў метро праходзяць вучэнні «ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных», Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла праз «Twitter».

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары