Пачобута вызвалілі ад пакарання (Фота)


Суд Ленінскага раёну вызваліў ад пакарання журналіста Анджэя Пачобута. Раней гэты ж суд прызнаў яго вінаватым у паклёпе на прэзідэнта, прыгаварыўшы да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання на два гады.

«Прадстаўнік інспекцыі адбыцця пакарання запрапанаваў вызваліць мяне ад адбыцця пакарання з прычыны таго, што я не меў за гэты час парушэнняў. Пракуратура падтрымала прапанову інспекцыі», – распавёў журналіст пасля паседжання суда.

Крымінальную справу ў дачыненні карэспандэнта польскага выдання «Gazeta Wyborcza» распачалі 28 сакавіка 2011 года. У пастанове пракуратуры гаварылася, што Пачобут змясціў у інтэрнэце публікацыі, «у якіх утрымліваюцца прыкметы публічнай абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». У прыватнасці, у абвінавачанні фігуравалі публікацыі на сайтах выдання «Gazeta Wyborcza», «Беларускага партызану» ды «Хартыі’97».

«Гэтая крымінальная справа не мела ніякага ўплыву на маю працу. Я і далей пісаў гэтак, як і дагэтуль. Я думаю пра тое, як больш трапна адлюстраваць рэчаіснасць, а не пра тое, ці спадабаецца гэта пракуратуры, КДБ, Аляксандру Лукашэнку ці камусьці яшчэ», – зазначыў журналіст.

Каб разабрацца ў тэкстах і выказваннях гарадзенскага журналіста, Следчы камітэт падчас расследавання стварыў адмысловую групу, у якую увайшлі выкладчыкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту і працаўнікі ідэалагічнага аддзелу гарадзенскага аблвыканкаму. Перад гэтым тэксты Пачобута ацэньвалі «эксперты ад ідэалогіі» з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, Белдзяржуніверсітэту і Акадэміі навук.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў