Невядомая гісторыя: беларускія камандас супраць Савецкай імперыі


Пра гэта не расказваюць у школах, а гісторыкі баяцца даследаваць гэтую тэму. Беларускія камандас, якія падчас Другой сусветнай вайны змагаліся супраць Савецкага Саюзу за незалежную Беларусь. Летам 44 года ва Усходняй Прусіі з ініцыятывы беларусаў паўстала выведна-дыверсійная школа «Дальвіц». Беларускія жаўнеры планавалі разгарнуць у БССР антысавецкі супраціў. Амаль усе навучэнцы школы былі сябрамі Беларускай незалежніцкай партыі. Апошні з беларускіх камандасаў, паводле афіцыйнай версіі, загінуў у 1955 годзе.

Прэм’ера фільму «Праклятыя і забытыя»: 1-я частка – 28 верасня, а 21:15, другая серыя – 5 кастрычніка. Фільм можна будзе паглядзець на старонцы падчас трансляцыі он-лайн, а пасля прэм’еры – у фільматэцы «Белсату».

Глядзець другую частку:

{movie}Праклятыя і забытыя. 2 частка.|right|12786{/movie}

Глядзець першую частку тут:

{movie}Праклятыя і забытыя. 1 частка|right|12704{/movie}

«Шукаю сына, каб ведаў, што бацька не здраднік».

Аўтар фільму Антось Цялежнікаў цягам года сам даследаваў тэму. У архівах КДБ у Вільні, у Варшаве, у даступных архівах у Беларусі. Але ў архіве беларускага КДБ справы навучэнцаў «Дальвіцу» ўсцяж засакрэчаныя.

«Праглядаючы ў былым архіве КДБ у Вільні справу аднаго з дальвіцкіх дэсантнікаў, Міколы Рулінскага, я пабачыў, што ў 80-х ягоны сын звяртаўся ў КДБ па даведку пра свайго бацьку, відавочна цікавячыся ягоным мінулым. Тады ён, напэўна, атрымаў стандартны адказ: бацька – здраднік Радзімы, супрацоўнічаў з нацыстамі. У віленскі архіў сын больш не звяртаўся. Я намагаюся яго знайсці, каб сын урэшце даведаўся, што бацька ягоны быў героем», – кажа рэжысёр.

«Мой дзед зняўся ў фільме – з фотаздымка на сцяне».

Антось Цялежнікаў як аўтар праводзіць нас праз увесь фільм. Разам з ім мы шукаем жывых яшчэ ўдзельнікаў тых падзеяў ды магчымых сведак. У архівах разам з аўтарам знаходзім унікальныя дакументы і фотаздымкі, якія публікуюцца ўпершыню. Апроч гэтага ў фільме «Праклятыя і забытыя» – багатыя рэканструкцыі тых падзеяў з аўтэнтычнаю тэхнікаю, коньмі, зброяй ды немалою масоўкаю.

«Да арганізацыі рэканструкцыйных здымак я падыходжу заўжды, як да здымак мастацкага фільму, хоць большасць арганізацыйных момантаў даводзіцца рабіць невялікай групе людзей, у тым ліку мне самому. Дзве сцэны здымаліся ў маёй роднай вёсцы пад Барысавам, у іх здымаліся і мае сваякі, была вельмі файная атмасфера, у фільм нават трапіў мой дзед з фотаздымку на сцяне. Здымаліся звычайныя беларускія хлопцы ды дзяўчаты».

Першы досвед гістарычнай рэканструкцыі Антось Цялежнікаў меў падчас працы над парадакументальным фільм «Беларускі рэзістанс». Затым былі дакументальны трыпціх «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», фільм пра сучаснае беларускае войска «Гульня ў вайнушку», праца асістэнтам рэжысёра ды вайсковым кансультантам у мастацкім фільме «Жыве Беларусь». І ўсё на –вайсковую тэматыку. «Магчыма, уплыў дзяцінства ў сям’і вайскоўцаў», – падсумоўвае Антось.

Што напіша мастак Алесь Пушкін?

Адна з сюжэтных лініяў фільму – мастак Алесь Пушкін, які піша карціну. Якую – мы даведваемся напрыканцы фільму. «Алесь Пушкін на прыкладзе ўласнага бацькі зразумеў той складаны выбар, перад якім апынуліся беларусы ў часе Другой сусветнай вайны. Ягоная серыя партрэтаў «Беларускі рэзістанс» дагэтуль застаецца ў Беларусі пад цэнзураю ды нідзе не выстаўлялася афіцыйна».

Жаўнеры «Дальвіцу» сустрэліся праз 50 гадоў

У фільме ёсць здымкі 1997 года. Жаўнеры «Дальвіцу» праз 50 гадоў пасля тых падзеяў сустрэліся ў Вільні. Нават пасля таго, як Беларусь сталася тэарэтычна незалежнаю краінаю, людзі, што пазбеглі савецкіх рэпрэсіяў, баяцца спазнаць іх у Беларусі, таму такая сустрэча не магла адбыцца на радзіме.

У фільме аўтар прапаноўвае факты ды гістарычны кантэкст, тлумачыць выбар беларусаў, якія не хацелі жыць у савецкім раі, памятаючы, што БНР паўстала менавіта падчас Першай сусветнай вайны.

«Для мяне таксама істотным фактам было тое, што тых герояў майго фільму, хто звяртаўся па рэабілітацыю, – рэабілітавала яшчэ савецкая ўлада! А значыцца, нават для саветаў яны не былі злачынцамі. Некаторых з іх вызвалілі па амністыі. А найбольш мяне ўзрушыла тое, што жаўнеры «Дальвіцу» памерлі перакананымі беларусамі, са сваймі марамі пра вольную і незалежную бацькаўшчыну, якой яна не стала дагэтуль і дзе яны дагэтуль праклятыя і забытыя».

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў