Чарговая кааліцыя: на што лічаць беларускія апазіцыянеры?


Чаго-чаго, а кааліцыяў у айчыннай палітычнай гісторыі заўсёды хапала. Вось толькі аніводная з іх, як цвердзіць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, не рабіла сваім прыярытэтам свабодныя дэмакратычныя выбары. Сёння ж у Менску адбыўся завяршальны этап стварэння новага альянсу, які гэтак і называецца – “За сумленныя, справядлівыя выбары дзеля лепшага жыцця”.

{movie}Вярнуць права выбару|right|12580{/movie}

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
“Мы гаворым людзям, што ёсць праблемы сацыяльна-эканамічнага зместу: карупцыя, дрэннае кіраванне, праблемы ў медыцыне. Развязанне толькі адно: сумленныя, справядлівыя выбары: калі вы будзеце выбіраць парламент, мясцовае самакіраванне, мэра, прэзідэнта. Іншага няма”.

Сустрэчы актывістаў Меншчыны папярэднічалі арганізацыйныя сходы і ў астатніх вобласцях краіны. У новаствораны альянс увайшлі прадстаўнікі агулам ажно 54-х палітычных і грамадскіх арганізацыяў. Усіх, не зважаючы на рознасць у палітычных поглядах, задзіночыла ідэя вяртання права на выбар.

СЯРГЕЙ КАЛЯКІН, ПАРТЫЯ «СПРАВЯДЛІВЫ СВЕТ»:
“Мы дамовіліся пра прынцыпы ўзаемадзеяння. Гэта раўнапраўе ўсіх удзельнікаў. Чалавек робіць тое, што можа рабіць, і ўдзельнічае ў тым, у чым ён можа ўдзельнічаць. І тут няма “галоўных” і “малодшых”. Усе працуюць разам”.

Працаваць жа разам удзельнікі кааліцыі збіраюцца і з чальцамі выбарчых камісіяў, паспрабаваўшы ўвайсці ў іх склад ды арганізаваўшы фота- і відэафіксацыю фальсіфікацыяў вынікаў галасавання, і з прадстаўнікамі іншых палітычных альянсаў, і, самае галоўнае, з простымі грамадзянамі.

ВІКТАР КАРНЕЕНКА, КАМПАНІЯ «ЗА СПРАВЯДЛІВЫЯ ВЫБАРЫ»:
“Што прапаноўвае апазіцыя? І што яе аб’ядноўвае міжсобку і з усім народам, з усімі людзьмі? Гэта аналіз сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, аналіз прычынаў, чаму мы апынуліся ў гэткім складаным становішчы, і прапановы, што трэба зрабіць, каб з гэтага стану выйсці”.

Самае ж галоўнае – не праспаць моманту, калі апатыя ў грамадстве суседнічае з агульнаю незадаволенасцю ўладамі.

АНТОСЬ ЖЫЛКО, «МАЛАДЫЯ ДЭМАКРАТЫ АГП»:
“Калі мы цяпер працуем з людзьмі ў часе нейкіх выбарчых кампаніяў ці ініцыятываў, знайсці ў Менску чалавека, які б апантана даказваў, што Лукашэнка – бог, і ён развяжа ўсялякія праблемы, і мы за яго, даволі складана”.

Ужо заўтра ўдзельнікі кааліцыі “За сумленныя, справядлівыя выбары” збіраюцца ўхваліць Мемарандум аб стварэнні альянсу, а таксама абмеркаваць план практычнай працы. Тэрміны ж яе непасрэднага распачынання пакуль што не абвешчаныя.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў