У чым сакрэт даўгавечнасці ВКЛ?


Пра дзяржаву, якая праіснавала 500 гадоў і было адною з найбуйнейшых у тагачаснай Еўропе, а таксама пра магчымасці яе адраджэння – размова з гісторыкам Алесем Краўцэвічам.

Аўтар новай кнігі «Гісторыя Вялікага княства Літоўскага», доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч быў госцем праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» штопятніцу а 20:35. Архіў праграмаў можна знайсці на нашым сайце.

Сакрэт даўгавечнасці беларуска-літоўскай дзяржавы гісторык бачыць у тым, што яна «ўзнікла ў адпаведным месцы ў адпаведны час і ўжывала адпаведную палітыку – талеранцыі да земляў, якія магло абараніць ад агрэсіі крыжацкай і татарскай».

{movie}Алесь Краўцэвіч у праграме “ПраСвет”|right|12569{/movie}

І хоць сярэднявечную палітычную дактрыну ў сучасны час перанесці цяжка, адзін з галоўных прынцыпаў выкарыстаць трэба: сённяшняе кіраўніцтва мусіць зрабіць выбар паміж усходам і захадам. «Вялікае княства Літоўскае адназначна выбрала арыентацыю на захад, сёння нас за каўнер цягнуць на ўсход. Але, думаю, сітуацыя зноў зменіцца, будзем вяртацца ў Еўропу», – лічыць Алесь Краўцэвіч.

Найбольш заслужаным для гісторыі Беларусі кіраўніком ВКЛ суразмоўца называе Гедыміна. «Ён упершыню ў гісторыі аб’яднаў у адным дзяржаўным арганізме ўсе галоўныя гістарычныя вобласці Беларусі. І гэтым заклаў пачатак сённяшняй краіны Беларусь».

Ці рэальна сёння адрадзіць ВКЛ як палітычны клуб дзяржаваў «ад мора да мора»? «Можна і трэба адрадзіць традыцыі ВКЛ, – гаворыць Алесь Краўцэвіч. – Напрыклад, вярнуць беларускія назвы гарадам: не Мінск, а Менск, не Гродна, а Гародня, не Іванава, а Янава. Па-другое, традыцыя канфедэрацыі пазнейшай Рэчы Паспалітай можа быць цалкам адноўленая ў сённяшнім свеце як Балтыйска-чарнаморская канфедэрацыя былых народаў – удзельнікаў першай Рэчы Паспалітай. Аб’яднанне магчымае толькі пры адной умове: перад рэальным тварам расейскай пагрозы, тады будзе не да ўнутраных разборак».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў