Віктар Сазонаў: На пенсіі чыноўнікі ідуць у кантрабандысты


Аўтар кнігі «Занатоўкі кантрабандыста» гарадзенец Віктар Сазонаў – пра $ 100 за пераезд мяжы, пенсію і чыноўнікаў-чаўнакоў у «Размове Калінкінай».

Паводле Віктара Сазонава, гарадзенцы надзвычай бурна адрэагавалі на заяву кіраўніка дзяржавы пра намер увесці мыта за пераезд мяжы. «Праз некалькі дзён пасля з’яўлення навіны мне, як праваабаронцу, патэлефанавала значна больш людзей, чымся за ўвесь час пыталіся, як здароўе палітвязняў».

Віктар Сазонаў кажа, што з мяжы жывуць амаль усе насельнікі Гарадзеншчыны: не толькі тыя, хто перавозіць тавар, але і тыя, хто яго купляе. Праваабаронца заўважае, што ўвоз тавараў у Беларусь і так строга ўнармаваны. «Калі вязеш другі ці трэці тэлевізар, плоціш падатак». Таму лагічнаю ініцыятыву ніяк не назавеш. «Гэта ўсё адно, што я прыйду ў краму па буханку хлеба, а мне скажуць: давай яшчэ $ 100, бо мы цябе абслугоўваем».

{movie}Віктар Сазонаў у “Рамзове Калінкінай”|right|12567{/movie}

Абсурдныя ўказы, нагадвае спадар Сазонаў, былі і раней. «Напрыклад, забаранялася ўвозіць долары – у краіну, дзе іх не было. Або забаранялі вывозіць гарэлку – акцызны тавар, з якога дзяржава жыве. Кантрабандысты ў свой час жартавалі, што ім мусяць налічваць стаж і плаціць пенсію – за тое, што дзяржаўныя склады разгружаюць».

Паводле яго, дзяржава ўводзіць мыта зусім не для таго, каб узбагаціцца на вандроўніках. Ён называе дзве асноўныя мэты: абмежаваць выезд людзей на Запхад і падтрымка прыбліжаных да рэжыму бізнесоўцаў, якія адчынілі ў Беларусі свае супермаркеты.

Віктар Сазонаў упэўнены, што беларусы знойдуць выйсце ў любой сітуацыі. «Будуць рабіць ліпавыя даведкі, прыкладам, што трэба на пахаванне ехаць – у іх сваякоў «памрэ» больш, чымся ў Польшчы жыве людзей. А іх жа будуць лавіць, будуць судзіць – і тых, хто даведкі выдае, і тых, хто бярэ».

Ён прыводзіць прыклад суседняй Польшчы, дзе дзяржава не перашкаджала зарабляць памежным гандлярам. Дзякуючы гэтаму яны зарабілі першы капітал і ўклалі яго ў польскую эканоміку: набудавалі аб’ектаў сэрвісу, зборачных цэхаў і гэтак далей. І хутка беларусы, якія прадавалі заходнім суседзям свае «Гарызонты» і лядоўні, самі пачалі вазіць тэхніку з Польшчы, толькі ўжо значна больш якасную.

Паводле Віктара Сазонава, шэрагі кантрабандыстаў папаўняюць і чыноўнікі, якія выходзяць на пенсію або страчваюць працу.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў