Ігар Пасноў: больш за ўсё прыгнятала лячэнне псіхатропамі


Віцебскага доктара Ігара Паснова перавялі з псіхіятрычнага шпіталю на ўтрыманне ў дзённым стацыянары.

«Я яшчэ абсалютна не вызвалены, а пераведзены на дзённы стацыянар, і павінен пастаянна туды з’яўляцца, гэта значыць, як бы вызвалены «ўмоўна-датэрмінова». Лячэнне ў той самай больніцы, я мушу з’яўляцца нават у выходныя дні. Але самае галоўнае – спынілі псіхіятрычнае лячэнне. Мяне там больш за ўсё прыгнятала лячэнне псіхатропамі», – падзяліўся спадар Пасноў пасля выхаду са шпіталю.

Ігар Пасноў апынуўся на лячэнні ў клініцы, дзе сам працаваў псіхіятрам, пасля свайго апошняга відэавыступу ў інтэрнэце. Ён выказаў крытычныя меркаванні пра стан віцебскай медыцыны, прымусовае кадаванне ад алкагалізму, а таксама заявіў, што яго запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатовасць прызнаць Ігара Паснова вязнем сумлення.

«Праўда, мне далі падпісаць паперу, што я нібыта добраахвотна на дзённы стацыянар перайшоў. Але, самі разумееце, калі б я не перайшоў на дзённы стацыянар, то гэта было б яшчэ пытанне, выпусцілі б мяне ці не выпусцілі», – дадаў доктар.

Дыягназ гучыць гэтак: «паталогія развіцця асобы параноіднага кшталту». «Гэта значыць, усе мае выступы спрабуюць звесці да таго, што вось я, маўляў, спецыяльна такі скаржнік і да гэтага падобнае. Хоць я лічу, што абараняць трэба не мяне. Ведаеце, што мне выставілі? У суд накіравалі паперу, дзе мне выставілі «парушэнне сацыяльнага функцыянавання і сацыяльнай адаптацыі». Таму суд палічыў немагчымым пакінуць мяне без лячэння і прыняў рашэнне пра абавязковае лячэнне», – адзначыў Пасноў.

Спадар Пасноў лічыць, што выпрабаваную на ім сістэму барацьбы з іншадумствам неабходна спыніць. З дапамогаю праваабаронцаў ён збіраецца звярнуцца ў суд.

«Ну так, крыху не меў я рацыі, вядома, у сваіх выказваннях. Ну так, пачынала мяне крыху заносіць у сваіх параўнаннях стаўлення да бамжоў з доктарам Мэнгеле. Гэта не зусім правільна, бо бамжам у больніцы, вядома, дапамагалі. Але зразумейце: можна ж было выклікаць мяне ў пракуратуру, зрабіць нейкае папярэджанне», – сказаў Пасноў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што да яго самога ў псіхіятрычным шпіталі «ставіліся вельмі добра»: «Быў я ў палаце пад назіраннем, але гэта толькі таму, што я з першага дня адмовіўся ад лячэння. Спрабавалі мне пачаць заліваць сілай «карэктар паводзінаў» – я адмовіўся. Потым пачалі рабіць уколы. Пераварочвалі ды рабілі. Я, гэтак бы мовіць, праяўляў пасіўны супраціў. Але ў прынцыпе стаўленне персаналу было паважлівае».

«Страх у тым, што калі чалавек трапляе ў такую больніцу, адразу пачынае набываць моц Закон аб псіхіятрыі: на падставе асобных артыкулаў чалавек адразу абмяжоўваецца ў тэлефоне, ліставанні – дзеля ягонага здароўя. Прычым цяпер не пазначаецца, што доктар гэта мусіць абгрунтоўваць. Проста яму гэтак здаецца, і ўсё. Я ні на адным судзе не быў, бо гэта нібыта «супрацьпаказана майму здароўю». Разумееце? На касацыйны суд не пусцілі ні адваката, ні мяне. Вось дзе агіднасць твораць! Таму трэба яшчэ і яшчэ раз паставіць пытанне не пра тое, як да мяне ставіліся, а пра тое, як працуе сёння Закон аб псіхіятрыі ды як з дапамогай яго можна людзей ламаць і гэтак далей», – адзначыў Пасноў.

«Я гатовы заявіць на ўвесь свет, што паталогія характару – гэта не нейкае вар’яцтва. Гэта проста паталогія характару. Я някепскі доктар. Калі мне перакрыюць працу тут – паеду ў раён або педыятрам, або яшчэ кімсьці», – дадаў спадар Ігар.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў