З Варшавы маглі зрабіць Менск


І беларускую, і польскую сталіцу Другая сусветная вайна ператварыла ў руіну. Аднак у Варшаве значную частку гістарычных будынкаў аднавілі, у Менску ж на іх месцы паўсталі помнікі сацрэалізму. І хоць у абодвух выпадках рашэнні прымалі людзі, прызначаныя Сталіным, лёс гарадоў аказаўся зусім розны.

Сталіцу з Варшавы хацелі перанесці

Перад камуністычнымі ўладамі Польшчы ў 1945 годзе паўстала дылема: ці варта ў разбуранай на 80 % Варшаве размяшчаць сталіцу? У якасці альтэрнатыўнага варыянту разглядалася Лодзь з яе кварталамі для пралетарыяту. Аднак Сталін усё ж пастанавіў пераносу не рабіць. Вядома, за родны горад заступіліся і варшавяне, якія вярнуліся з вайны.

Пра розныя канцэпцыі адбудовы польскай сталіцы распавядае аспірант Інстытуту гісторыі Польскай Акадэміі навук Анджэй Скалімоўскі (Andrzej Skalimowski), які займаецца біяграфіяй галоўнага архітэктара Варшавы 1950-х гадоў – Юзэфа Сігаліна (Józef Sigalin). Паводле навукоўца, спачатку канкуравалі два падыходы: рэстаўрацыйны (як мага больш шырокае і дакладнае аднаўленне старажытнай забудовы) і мадэрністычны («аздараўлення» гораду ў духу швейцарскага архітэктара Ле Карбюзье (Le Corbusiera). Пра сацрэалізм тады не вялося.

У 1949 годзе Польшча ўзяла курс на сацрэалізм. Варшава цяпер мела выглядаць гэтак жа, як і савецкія гарады. У польскай сталіцы разгарнулася будаўніцтва, з’явіліся шырокія праспекты. Праўда, дзеля надання новым будынкам мясцовага каларыту, іх дазволілі аздабляць элементамі, характэрнымі для архітэктуры рэнесансу. З даваенных жа камяніцаў у межах барацьбы з перажыткамі буржуазнай архітэктуры дэкор пачалі, наадварот, збіваць.

Мяркуючы з афіцыйных дакументаў, Варшава мусіла выглядаць прыкладна гэтак жа, як Менск. «…Велізарная плошча побач з вул. Маршалкоўскаю мае стаць прастораваю канцэнтрацыяй жыцця сталіцы і ўсёй краіны. […] Фонам цэнтральнай плошчы як месца сходаў і дэманстрацыяў вялікіх народных масаў будуць гмахі ўстановаў, прызначаных для культурных ды іншых імпрэзаў. Тут з’явіцца Палац культуры, ансамбль будынкаў прафзвязаў, Дамы рабочага і селяніна, Цэнтральны дом моладзі», – такую будучыню гораду абмаляваў у сваім выступе лідар камуністычнай Польшчы Балеслаў Берут (Bolesław Bierut).

Цуд новага-старога гораду

Нягледзячы на змены, групе рэстаўратараў удалося захаваць уплывы ў Бюро адбудовы сталіцы. Яны дамагліся аднаўлення старога цэнтру Варшавы (Stare Miasto, Starówka), знішчанага падчас вайны на 90 %. Параўда, замест поўнай рэканструкцыі планавалі аднавіць толькі фасады дамоў, унутры перабудаваўшы іх на патрэбы новага рэжыму і засяліўшы пралетарыямі.

На дзіва, камуністычныя ўлады з энтузіязмам узяліся за адбудову касцёлаў. Паводле Анджэя Скалімоўскага, дзеля таго, каб давесці палякам, што камуністы не такія ўжо кепскія, «прызначаны Сталіным польскі лідар Балеслаў Берут напрыканцы 1940-х хадзіў у працэсіях на свята Божага Цела плячо ў плячо з біскупамі».

Аднак планы ператварэння Варшавы ў савецкі горад пачалі рэалізоўвацца. У 1955 годзе на месцы кварталаў XIX стагоддзя паўстаў гіганцкі Палац культуры і навукі. Выраслі дамы Маршалкоўскага мікрараёну.

Смерць сацрэалізму

Аднак нечакана аказалася, што на сацрэалізм у Польшчы проста не стае грошай. «У 1950 годзе распачалася вайна ў Карэі, і Сталін загадаў, каб польскую эканоміку пераарыентавалі для ваенных мэтаў. Замест кватэраў трэба было будаваць фабрыкі ды шахты, якія мусілі прадукаваць зброю на патрэбы ўзброенага канфлікту», – тлумачыць спадар Скалімоўскі. Таму камуністычныя ўлады ўжо не змаглі раскашэліцца на калоны ды атыкі.

Пасля смерці Сталіна ў Савецкім Саюзе і Польшчы пачалі крытыкаваць і ягоны ўлюбёны, пампезны стыль у архітэктуры. У 1955 годзе кампартыя і Рада Міністраў СССР падпісалі пастанову «Аб ліквідацыі празмернасці ў праектаванні і будаўніцтве», у якой крытыкавалі шэраг савецкіх архітэктараў. Узгадваўся ў ім і Менск – як прыклад гораду, дзе дойліды не лічыліся з выдаткамі ды, канцэнтруючыся на ўпрыгожванні фасадаў, абсалютна забываліся на тое, што ў гэтых дамах хтосьці будзе жыць.

Афіцыйную смерць сацрэалізму над Віслаю зацвердзіла Агульнапольская нарада архітэктараў у 1956 годзе.

Якуб Бернат, АК, belsat.eu

Стужка навінаў