Новае на «Белсаце»: беларускія рэпартажы Алеся Залеўскага


Журналіст і вядоўца тэлеканалу «Белсат» Алесь Залеўскі пераехаў з Польшчы ў Беларусь, каб штотыдзень рабіць эксклюзіўныя рэпартажы. Пра што яны будуць?

Паводле Алеся Залеўскага, для сваіх рэпартажаў ён будзе браць тэмы, якія цікавяць жыхароў вёсак і маленькіх гарадоў. У іх мы ўбачым населеныя пункты, дзе кепска працуе інтэрнэт і куды не даязджаюць журналісты, а таксама тыя, адносна якіх склаліся стэрэатыпы, што не адпавядаюць рэальнасці.

Паглядзець рэпартажы Алеся Залеўскага на “Белсаце” можна штопятніцу а 20:20, а таксама ў закладцы “Нашыя праграмы” на сайце belsat.eu.

{movie}”Рэпартаж Залеўскага” (фргамент)|right|12555{/movie}

У час, калі многія беларусы з’язджаюць за мяжу, Алесь Залеўскі вырашыў вярнуцца: «Многія наракаюць, што ў Беларусі людзі ходзяць з апушчанымі галовамі, не ўсміхаюцца. Чаму? Усміхаюцца – калі насамрэч радыя цябе бачыць. Фальшу ў чалавечых зносінах тут значна менш, чым на Захадзе, – пералічвае журналіст плюсы жыцця ў Беларусі. – І цыбуля тут, ад якой плачаш, і тварог, які не пахне гумаю…»

Ён лічыць, што людзі ўцякаюць за мяжу праз тое, што стаміліся. «У Беларусі, у такой ізаляцыі, цяжка жыць доўгі час, асабліва, калі свету не пабачыў, не завёў там сяброў і знаёмых, не наладзіў сталай сувязі з заходняй глебай. Прынамсі, з такіх меркаванняў я калісьці з’язджаў. Плюс быт. На Захадзе быт – гэта фон жыцця, які вельмі проста, амаль аўтаматычна арганізоўваецца. У Беларусі быт – штодзённае змаганне. На жаль, у бальшыні выпадкаў ён перамагае».

Нягледзячы на гэта, сям’я нашага калегі, якая пакуль складаецца з жонкі Алі і коткі Гагі, гатовая пераехаць у Беларусь. Галоўнае, чаго не будзе ставаць Алсею Залеўскаму, – гэта адрэналіну жывога эфіру. Лячыць сваю залежнасць ён збіраецца паездкамі па Беларусі і сустрэчамі з людзьмі.

«Улады, апазіцыя, сацыёлагі ды дзяржаўныя СМІ накідваюць на бедных беларусаў сваё бачанне іх праблем і інтарэсаў. Пры гэтым мала хто заходзіць на іх падворак ды пытаецца: як жывяцё? Як ураджай бульбы сёлета?.. А таму беларусы жывуць самі па сабе, а Менск сам па сабе». Алесь Залеўскі спадзяецца, што ў ягоных рэпартажах беларусы пабачаць cамі сябе.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў