Экскурсія ў ГУЛаг: лёсы беларусаў, распілаваныя чарапы ды золата НКВД


«Навокал бязладна валяліся выбеленыя косці і чарапы ды калы, на якіх у той час яшчэ можна было прачытаць высмаленыя гарачым жалезам нумары асабовых справаў пахаваных», – такім лагер «Дняпроўскі» ўбачыў падчас сталінскіх рэпрэсіяў беларускі палітвязень. «Белсат» даведаўся, як гэтае месца выглядае цяпер.

У перыяд росквіту сталінскага тэрору ГУЛаг кіраваў некалькімі тысячамі лагераў, раскіданых па ўсім Савецкім Саюзе. Усяго сістэма аб’ядноўвала 53 лагерныя ўпраўленні з тысячамі лагерных аддзяленняў і пунктаў. Самыя жахлівыя ўмовы былі ў тых, што месціліся на Калыме.

“Гнілі пальцы і насы”

Калымскі край займае 2,5 млн квадратных кіламетраў. Амаль 500 тыс. з іх – гэта Магаданская вобласць. Практычна ўся яе тэрыторыя ўваходзіць у зону вечнай мярзліны. Узімку слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за мінус 60. А трывае зіма 9 месяцаў.

«Гнілі пальцы на руках і нагах, што іншым разам заканчвалася гангрэнаю. Здаралася, што адвальвалася храстковая частка носа, і чалавек нагадваў сабою сіфілітыка на апошняй стадыі хваробы», – узгадваў пра абмаражэнні ў кнізе «Рысы майго пакалення» беларускі палітвязень Вячаслаў Шыдлоўскі. У 1936-м ён атрымаў 4 гады за «ўдзел у контррэвалюцыйнай групоўцы» і правёў іх у лагерным пункце «Камандзіроўка Чалюскін» на залатым прыіску Хатынах, за 600 км на поўнач ад Магадану.

mapa

Сучасная мапа Магаданскай вобласці. Фота wikipedia.org

На мапе Магаданскай вобласці, складзенай мясцовымі гісторыкамі, – сотні лагерных пунктаў. Зямля вакол іх усеяная касцямі тысячаў людзей, сярод якіх мноства нашых суайчыннікаў. Толькі да большасці з гэтых месцаў дабрацца ўжо немагчыма: дарогі зніклі, іх, як і кінутыя драўляныя баракі, праглынула тайга.

Што сёння засталося ад лагера?

Лагер «Дняпроўскі» месціцца недалёка ад калымскай трасы, прыкладна пасярэдзіне шляху з Магадану ў паселішча Ягаднае. Дзякуючы гэтаму да яго можна праехаць пазадарожнікам. Лагер ляжаў побач з рудніком «Дняпроўскі», дзе з 1942 да 1955 года (з перапынкам у сярэдзіне 1940-х) здабывалі волава. Спачатку тут працавалі зняволеныя Севвостлагу, пасля – Берлагу.

DSC_3503-1

Так лагер «Дняпроўскі» выглядае сёння. Фота Кшыштафа Хэйке (Krzysztof Hejke), размешчана са згоды аўтара

Руднік «Дняпроўскі» – адзін з найлепш захаваных вытворчых аб’ектаў лагернай Калымы. Гэта дзякуючы таму, што ён месціўся на сопках, вышэй за ўзровень, на якім яго знішчылі б лясы. Дагэтуль стаяць рэшткі драбільнай фабрыкі з вялікімі адваламі руды, лагерныя вышкі, калючы дрот, ліхтары. Аднак самыя каштоўныя аб’екты: баракі і галоўны будынак фабрыкі – згарэлі.

Затое вакол яшчэ можна знайсці таблічкі «Запретзона. Стреляют», пражэктары, зробленыя з бляшанак, кавалкі калючага дроту і рэшткі ватнікаў, пашытых з мяхоў з-пад амерыканскіх прадуктаў. Апошняя, вядома, трапляла не да вязняў, а да вохры («вооруженная охрана») або крымінальнікаў, якія былі лагернай «элітаю» ды карысталіся падтрыманнем адміністрацыі.


Вячаслаў Шыдлоўскі [12.1.1913 (паводле пашпарта 12.3.1913), в. Карзуны Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Менскай вобл. — 23.8.1997, мяст. Смілавічы Чэрвеньскага р-на], мемуарыст, геолаг, мастак.

У 1929 г. скончыў Смілавіцкую сямігодку. Захапляўся маляваннем, спрабаваў паступіць у Віцебскі мастацкі тэхнікум (не прайшоў па конкурсу з-за сацыяльнага паходжання, бо быў не з рабоча-сялянскай сям’і, а з настаўніцкай). З 1935 г. служыў у войску ў Менску, вучыўся ў Аб’яднанай беларускай вайсковай школе імя ЦВК БССР, потым у Маскоўскай артылерыйскай школе імя Красіна, якая была пераведзена ў Краснадар.

Арыштаваны ў 1936 г. па даносе аднаго са студэнтаў. У 1937-м асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў адзін з калымскіх канцлагераў. Пасля вызвалення (5.11.1940) працаваў у геалагічных партыях “Дальстроя”. Стварыў шмат замалёвак з мясцінаў сваіх экспедыцыяў. У Беларусь вярнуўся ў 1947-м. Працаваў геолагам ў Белгалоўгеалогіі. Пакінуў рукапіс успамінаў. Рэабілітаваны ў 1988.

Вячаслаў Шыдлоўскі трапіў сюды якраз у сярэдзіне 1940-х, калі руднік закансервавалі як маларэнтабельны. Хоць ён ужо адседзеў свой тэрмін, выехаць з Калымы адразу па вызваленні не дазвалялі, і ён мусіў уладкавацца на працу ў геалагічную службу.

«Аднойчы, паводле абавязку геалагічнай службы, мне давялося быць закінутым на алавяным рудніку «Дняпроўскі». У той час руднік пуставаў. Абагачальная фабрыка разбурылася. Не вельмі далёка ад яе быў і лагерны магільнік. Ён уяўляў сабою доўгую засыпаную траншэю. Паверхня яе прасела, акрэсліўшы абрысы. Магільнік у свой час, відаць, быў таксама разрабаваны мядзведзямі. Навокал бязладна валяліся выбеленыя косці і чарапы ды калы, на якіх у той час яшчэ можна было прачытаць высмаленыя гарачым жалезам нумары асабовых справаў пахаваных», – узгадваў ён.

У «Дняпроўскім» падчас разгулу г. зв. гараніншчыны расстралялі ягонага былога аднакласніка Макара Лухверчыка. Сцяпан Гаранін узначальваў Севвостлаг у 1937–38, сам паходзіў з Беларусі. З ягоным імем звязваюць асабліва жорсткія і масавыя расправы з «антысавецкімі элементамі». Найчасцей іх даводзілі да знясілення голадам, а пасля расстрэльвалі за г. зв. сабатаж: адсутнасць стаханаўскіх вынікаў працы. Гаранін быў шалёным алкаголікам, і пазней з’явіліся сведчанні, што ягоным імем прыкрываліся сапраўдныя ініцыятары зверстваў.

Уначы расстрэлы глушылі трактарамі

Усе прадпрыемствы на тэрыторыі сённяшняй Магаданскай вобласці належалі «Дальстрою» – камбінату асобага тыпу, які з 1938 года падначальваўся непасрэдна НКВД. Галоўнаю задачаю гэтага дзяржаўнага трэсту была здабыча каштоўных выкапняў, адным з якіх і было волава. Аднак аснову эканомікі «Дальстрою» складала золата, якое таксама здабывалі вязні – старажытным бутарным спосабам.

zolata

Штогод вязні забяспечвалі сталінскі рэжым дзясяткамі тонаў золата. Фота belsat.eu

Пасёлак Хатынах, побач з якім працаваў Вячаслаў Шыдлоўскі, быў цэнтрам Паўночнага горна-прамысловага ўпраўлення «Дальстрою», якое кіравала здабычаю золата. Варлам Шаламаў, аўтар знакамітых «Калымскіх апавяданняў», піша, што на пачатку 1930-х умовы працы тут былі прымальныя (калі не звяртаць увагі на факт, што большасць тых, хто сюды трапляў, асудзілі ні за што): «Выдатнае харчаванне, вопратка, працоўны дзень узімку 4–6 гадзінаў, улетку – 10 гадзінаў, каласальныя заробкі для зняволеных, якія дазвалялі ім дапамагаць сем’ям і вяртацца пасля тэрміну на мацярык забяспечанымі людзьмі», – піша ён пра ўмовы пры «першым калымскім начальніку» Эдуарду Бярзіну.

zolata-2

Так выглядала аўтаматызацыя працэсу здабычы золата. Фота Фота Кшыштафа Хэйке (Krzysztof Hejke), размешчана са згоды аўтара


Аднак бярзінская эпоха хутка змянілася гаранінскай. Адным з найбольш вядомых месцаў расстрэлу была г. зв. Серпанцінка – турма ў тупіку горнай дарогі, дзе ў 1937–39 гады штоноч забівалі 30–50 чалавек. «У распадку насупраць лагера, па той бок даліны Хатынаху, свецяцца агні Серпанцінкі. Недзе там, на яе тэрыторыі, грукоча трактарны матор. Гук яго, прыглушаны адлегласцю, перабіваецца выбухамі ў забоях. Там, у турме, творыцца чорная справа. Надышоў зручны час зладзейскіх расстрэлаў паводле прысуду «тройкі». Робіцца гэта пад гукі выбухаў і грукат трактарнага матора, каб не чулі пісталетнага трэску іншыя вязні, што сядзяць у катухах драўлянай турмы, як у хляве, чыя чарга яшчэ не падышла», – яшчэ адзін урывак з кнігі «Рысы майго пакалення».

Вопыты на людзях

Пасля вяртання ў Беларусь Вячаслаў Шыдлоўскі падтрымліваў сувязь з былым «калегам» з Калымы – расейскім паэтам Анатолем Жыгуліным, які сядзеў у Бутугычагу. У перакладзе з мовы тубыльцаў гэтая назва азначае «даліна смерці». Тут дзіўным чынам памірала ўсё жывое, у аленяў пачынала выпадаць поўсць, пасля яны клаліся на зямлю і не маглі падняцца. У Бутугычагу знайшлі залежы ўрану. Вязням казалі, што яны здабываюць «спецруду»…

«Паэт Анатоль Жыгулін <…> распавядаў, што ля печаў, дзе на металёвых падносах выпароўвалі ваду з уранавага канцэнтрату пасля прамыўкі, зняволеныя працавалі адзін-два тыдні, пасля чаго паміралі, а на замену ім гналі новых рабоў. Такі быў узровень радыяцыі», – пераказвае словы пісьменніка Сяргей Мельнікаў, стваральнік праекту «ГУЛаг – з фотакамераю па лагерах». Напрыканцы 1980-х ён наведаў Бутугычаг, тэрыторыя якога была ўсеяная чалавечымі касцямі ды роўна распілаванымі на дзве часткі чарапамі. Паводле яго, гэта сведчанне вопытаў над людзьмі: хутчэй за ўсё, лекары-забойцы на світанку ядравай эры даследавалі тут уздзеянне радыяцыі на чалавечы мозг…

Вядома, што тыя, хто замятаў сляды, перш за ўсё знішчылі б лабараторны корпус. Сяргей Мельнікаў яшчэ застаў там будынак фабрыкі, на якой узбагачалі ўран, і баракаў. Цяпер там няма амаль нічога, апрача адзінокіх арэляў, рупліва зробленых для сваіх дзяцей адным з начальнікаў лагеру.

Шмат хто з жыхароў Магаданскай вобласці марыць пра вяртанне Сталіна: тады былі добрыя дарогі, спраўна працавала прамысловасць, а ў цяпліцах спелі гуркі… Натуральна, ніхто з летуценнікаў не дапускае думкі, што сам мог бы апынуцца па той бок калючага дроту.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары