Мікалай Аўтуховіч ускрыў сабе жывот?


Мікалай Аўтуховіч ускрыў сабе жывот, такая інфармацыя з’явілася на старонцы праваабарончай арганізацыі «Платформа».

Паводле непацверджанай інфармацыі, палітзняволены такім чынам пратэстуе супраць незаконных дзеянняў і здзеклівага стаўлення кіраўніцтва турмы, якое пакарала Аўтуховіча адміністратыўна. Згодна са звесткамі, прычынаю адміністратыўнага пакарання, якое змусіла пайсці Мікалая Аўтуховіча на крайнюю захаду, стала “ягоная адсутнасць на спальным месцы 26 жніўня 2013 г.”.

Паводле версіі крыніцы, на якую спасылаецца “Беларускі партызан”, “Яму, як вайскоўцу, не цяжка падняцца раніцаю і своечасова пакласціся спаць. Ён прызвычаіўся да такога рэжыму. Прызвычаіўся і паўгода ні з кім не размаўляць, кажучы на дзень пару дзяжурных фразаў – толькі б не даваць падставы да далейшых правакацыяў”, – кажа крыніца. Такім чынам, адміністрацыя турмы імкнецца трымаць Мікалая Аўтуховіча ў статусе “злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання”, – лічаць праваабаронцы з “Платформ инновейшн”.

Былы палітзняволены Зміцер Дашкевіч, каментуючы ўчынак Аўтуховіча “Еўрарадыё”, сказаў: “Ці давяраць гэтаму, я не ведаю. Лепш мець дакладную інфармацыю, вядома. Але гэта турма, і ў ёй можа здарыцца ўсё. У такой сітуацыі звычайна можна распачаць галадоўку. Тая праблема, з якою сутыкнуўся Аўтуховіч, пра якую я чытаў, вырашаецца больш спакойна. Ускрыванне венаў, жывата – гэта самы крайні крок. На гэта ідуць тады, калі ёсць пагроза жыццю”. Сам Зміцер, які выйшаў на волю зусім нядаўна, прызнаўся, што на палітвязняў часам аказваюць такі ціск, што толькі вера ўратоўвае ад ускрывання венаў.

Адміністрацыя гарадзенскай турмы № 1 не пацвердзіла, але і не абвергла інфармацыю пра спробу самагубства Аўтуховіча.

Мікалай Аўтуховіч не аднойчы рабіў замах на сваё здароўе, калі абвяшчаў галадоўкі на знак пратэсту супраць утрымання яго ў турме. Пасля спробы суіцыду ў 2011-м Аўтуховіч напісаў у лісце родным: “Камусьці падабаецца жыць, як у 1937 годзе, але толькі не мне. Крыху прыйшлося адстойваць свой гонар звацца чалавекам, а не жывёлаю. Ну інакш ніяк – не разумелі, не чулі. Яшчэ раз прашу: не турбуйся, не хвалюйся, я моцны, я проста вытрымаю, нават калі адзін буду стаяць супраць зла”.



Мікалай Аўтуховіч 6 траўня 2010 года быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 года ўмовы адбывання пакарання яму замянілі на больш жорсткія, ён быў пераведзены з івацэвіцкай калоніі № 5 у турму № 1 Горадні.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў