Жлобінцы патанаюць у пыле: перад "Дажынкамі" знішчылі і дрэвы, і хмызы


Чым бліжэйшыя “Дажынкі”, тым больш крыміналу. Апошняя справа ў Жлобіне – ужо не за крадзеж, а за “помнік безгаспадарлівасці”. Гэтак назвалі ў Камітэце дзяржкантролю Гомельскай вобласці глыбы застылага бетону і горы смецця, за што і былі пакараныя будаўнікі ды чыноўнікі. Тым не менш, кантрольныя органы правяраюць хаду рамонту галоўных вуліцаў і аб’ектаў гораду. А што хаваецца за фасадамі?

Прыгожае звонку, страшнае знутры? Адгадаць загадку з першага разу могуць жыхары гарадоў, што прымалі “Дажынкі”. Сёлетняе свята яшчэ не пачалося, а насельнікі Жлобіна ўжо пакутуюць ад пераробак і недаробак. Будынкі на цэнтральнай вуліцы вабяць свежапафарбаванымі фасадамі. Толькі прыгажосць гэтая зробленая датуль, дакуль яе відаць з вуліцы.

АЛА, ЖЫХАРКА ЖЛОБІНА:
“Палову абабілі гэтай пліткі, мы ўсцешыліся, бо столькі часу яна падала. А цяпер вось усё на галаву валіцца, будаўнікі некуды перамясціліся ў іншае месца, а нам гэта пакінулі, гэты жах”.

І чым далей, тым жудасней. Жыхары шкадуюць, што запрошаны на свята кіраўнік краіны не пабачыць пад’ездаў іхных дамоў і не прачытае адрасаваных яму надпісаў на сценах. Затое перад вачыма прэзідэнта паўстануць кіламетры новых платоў і адноўленых муроў. Адрамантаваць апошнія пад пагрозаю штрафаў і арышту змусілі жыхароў прыватнага сектару за ўласны кошт. За сродкі ж мясцовага бюджэту пафарбавалі фасады дамоў маламаёмных жыхароў ды нават шыферныя дахі, якія з верталёта можа пабачыць Лукашэнка. Тым жа, каму тут жыць, колькі тыдняў не могуць адрамантаваць калонку.

ІРА, ЖЫХАРКА ЖЛОБІНА:
“Сёння прыехалі, пафарбавалі, лужына як стаяла, так і стаіць. Нічога не зрабілі, хаця б зрабілі, каб лужына знікла”.

Лужына не знікла, затое зніклі некалькі тысячаў 30–40-гадовых дрэваў, у тым ліку уздоўж дарогі, якою паедзе кіраўнік краіны. Расліннасць, што была жывым зялёным шчытом, бараніла жыхароў ад шуму, ветру і пылу. Ці выканае гэтыя функцыі рукатворны плот?

МАРАТ АФАНАСЬЕЎ, ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ ХIII СКЛІКАННЯ, БЫЛЫ ІНЖЫНЕР БМЗ:
“Пыл падымаецца на дваццаць метраў і задувае жылы масіў. Навошта трэба было гэта рабіць? Цяжка патлумачыць. У здаровым розуме людзі звычайна такога не робяць”.

Не толькі дрэвы, але і кусты сталі перашкодаю на шляху сялянскага свята. На працягу 30 гадоў жлобінцы на бульвары Металургаў падчас суботнікаў садзілі расліннасць, ствараючы сабе камфортнае месца для адпачынку. Але дзеля шэсця хлебаробаў як тыя снапы, так тут павалілі палову дрэваў, кустоўе ж вынішчылі цалкам.

НАВЕДНІЦА БУЛЬВАРУ:
“Нам, старым, канечне, калі падзьме вецер… Мы раней за кусцікі – і нам не дзьмула, а цяпер – вось яно шуміць!”

І ўсё дзеля таго, каб ужо на наступных выходных зашумела свята! Два дні танцаў, спеваў, і кірмашоў, прызы і падарункі для ўдарнікаў сельскай працы! Калі ж праляцяць фестывальныя дні, мясцовым жыхарам застанецца падлічваць выдаткі.

МАРАТ АФАНАСЬЕЎ, ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ ХIII СКЛІКАННЯ, БЫЛЫ ІНЖЫНЕР БМЗ:
“Бюджэт нашага раёну крыху большы за 200 мільярдаў рублёў, а выдаткі на “Дажынкі” большыя за трыльён. Гэта значыць, што ўсе наступныя гады нам будуць распавядаць, што грошай няма! Вам жа горад адрамантавалі, у вас усё ўпарадкавалі, вы маеце радавацца! А чаму радавацца – гэтым калдобінам?”

Яшчэ не адгулялі сёлетняга свята, а кіраўнік краіны ўжо парадаваў сваім рашэннем пра наступныя “Дажынкі”. Праз год саламяныя скульптуры будуць зазываць на паказушнае святкаванне ў Гарадок, што на Віцебшчыне.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў