Дэвальвацыя ўжо пачалася?


Штотыдзень эксперты палохаюць нас, прагназуючы хуткую дэвальвацыю. А Нацбанк намагаецца накінуць хамут на непаслухмяны беларускі рубель. Чаму прагнозы экспертаў не спраўджваюцца? Ці, можа, дэвальвацыя ўжо надышла?



Жорсткая палітыка – стабільны рубель

Беларускія эканамісты ўжо называюць тое, што адбываецца з эканомікаю краіны, паўзучаю дэвальвацыяй. Нягледзячы на тое, што ўлады маюць даволі аптымістычныя эканамічныя прагнозы на будучы год, сітуацыя з ліквіднасцю і курсам беларускай валюты застаецца няпэўнай, а Нацбанк намагаецца накінуць хамут на непаслухмяны беларускі рубель. На гэты момант галоўны банк краіны спрабуе прытрымлівацца жорсткай валютна-крэдытнай палітыкі (Надзея Ермакова, кіраўніца Нацыянальнага банку, яшчэ летась казала пра неабходнасць прытрымлівацца жорсткай палітыкі) і паціху пазбаўляецца золатавалютных рэзерваў, каб нашыя «зайчыкі» не так хутка абясцэньваліся. І калі ў 2012 г. плацежны баланс краіны ўтаймоўваўся за кошт паўлегальных схемаў з продажам разбаўляльнікаў, то ў 2013-м разлічваць на шэрыя схемы папаўнення дзяржаўнай скарбонкі не даводзіцца.

Неўтаймаваны дзяржаўны аптымізм

На мінулым тыдні Пётр Пракаповіч, былы кіраўнік Нацбанку, назваў прагнозны паказнік курсу долара на 2014 год: Br 9500. Але калі паглядзець на запланаваныя эканамічныя паказнікі на 2014 год: $ 6,7 млрд. наўпроставых замежных інвестыцыяў, рост экспарту на 11,4 % ды інфляцыя 11%, то больш-менш дасягальным можна назваць толькі апошні паказнік, лічаць эканамічныя эксперты. А вось дзейны кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі 18 верасня пабаялася даваць дакладныя прагнозы адносна курсу. «Ва ўмовах нефіксаванага курсу беларускага рубля гаварыць пра нейкія канкрэтныя значэнні на пэўную дату не зусім правільна. Можна даць толькі ацэнку магчымай дынаміцы курсу з улікам фактараў, якія ўплываюць на попыт і прапанову замежнай валюты на біржы». Далейшая дынаміка курсу, паводле кіраўніка Нацбанку, «будзе залежаць ад развіцця макраэканамічнай сітуацыі ў краіне». «Пры захаванні больш высокага попыту на валюту над прапановаю працягнецца і паслабленне беларускага рубля – наўмысна стрымліваць курс Нацыянальны банк не будзе», – заявіла Ермакова.

Абвальная дэвальвацыя ў руках дзяржавы

Галоўнае пытанне, якое цяпер катуе сярэднестатыстычнага беларуса – ці будзе дэвальвацыя? Адназначна адказаць на гэтае пытанне не можа ніхто. Бо дэвальвацыйны працэс у нашай краіне ўжо пачаўся. Адным словам, Беларусь – у стане паўзучай дэвальвацыі. Адсюль і гэтая інфармацыйная неразбярыха «будзе», «не будзе». Але макраэканамічныя трэнды сёння кажуць пра тое, што курс беларускага рубля будзе слабець. А скарачэнне банкаўскіх актываў – гэта яшчэ адзін трывожны званочак, які паглыбляе дэвальвацыйныя працэсы, распавёў «Белсату» былы кіраўнік Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «Замежныя банкаўскія актывы ўсёй банкаўскай сістэмы скараціліся, а камерцыйныя банкі ў гэтым паказніку ўвогуле мінусуюць». На думку Багданкевіча, улада робіць, усё каб запаволіць паўзучую дэвальвацыю, і выкарыстоўвае для гэтага адміністратыўны рэсурс. «Беларускія банкі кіруюцца ўручную, і таму на гэты момант улада яшчэ можа не дапусціць абвальнай дэвальвацыі». Менавіта яе маюць на ўвазе дзяржаўныя чыноўнікі, якія кажуць, што абвалу рубля не будзе.

Адмашка на дэвальвацыю



Ва ўнісон са Станіславам Багданкевічам аналізуе сітуацыю і эканамічны аглядальнік Аляксей Мінчонак. «Верагоднасць дэвальвацыі застаецца даволі вялікая. Паступленні валюты знізіліся адразу ў некалькіх кірунках. З пачатку года адбываецца заняпад прамысловасці (МАЗ, МТЗ ды іншыя заводы), цяпер праблему абвастрае сітуацыя з «Беларуськаліем». Растуць аб’ёмы імпарту. Калі сачыць за гэтымі параметрамі, то можна нейкім чынам прагназаваць верагоднасць дэвальвацыі». Але дакладна прадказаць дэвальвацыю і яе дакладную дату цяжка, кажа эканамічны журналіст, «бо сістэма прыняцця рашэнняў даволі закрытая і фактычна «адмашку» на зніжэнне курсу беларускага рубля будзе даваць адзін чалавек».

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў