Збіраць па $ 100 за выезд? Мытнікі чакаюць толькі загаду


Калі рашэнне аб спагнанні грошай з беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, будзе прынятае, мытныя органы Беларусі будуць яго выконваць. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Барысюк.

«Мытныя органы ўсюды ажыццяўляюць кантрольныя функцыі ў інтарэсах той краіны, якую яны рэпрэзентуюць. Калі будзе прынятае дырэктыўным органам Беларусі адпаведнае рашэнне, мытныя органы ў межах вызначанай у гэтым рашэнні кампетэнцыі будуць яго выконваць», – сказаў Барысюк.

Ён удакладніў, што сёлета грамадзяне Беларусі мінулі дзяржаўную мяжу краіны 12 млн разоў, аднак асобнай статыстыкі пра тое, колькі грамадзянаў Беларусі выехала ў краіны Еўразвязу, няма.

З ініцыятываю забавязаць беларусаў пры выездзе з краіны плаціць мыта выступіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле кіраўніка дзяржавы, аддаваць грошы за выезд мусяць перадусім тыя асобы, што рушаць у Еўразвяз па набыткі. «Дык вось, я даўно даручыў: калі выязджаеш за межы, няважна навошта, заплаці выязное мыта. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем – $ 100 з носа плаці ды едзь за мяжу», – заявіў Лукашэнка.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў