На калійным полі бою


«Уралкалій» гатовы разгледзець любыя прапановы ў справе заключэння новага трэйдарскага пагаднення, у тым ліку… з Беларуссю. Кіраўніцтва расейскай кампаніі, што абваліла рынак калійных угнаенняў перад выхадам з Беларускай калійнай кампаніі, паведаміла, што зрабіла гэты крок без энтузіязму. З энтузіязмам ці без цяпер расейскі бок наладжвае дачыненні з Беларуссю? І ці можа стаць сябрам учорашні вораг?

{movie}На калійным полі бою|right|12519{/movie}

У Расеі зашмат беларускіх камбайнаў, а Беларусь не хоча набываць расейскай сельскагаспадарчай тэхнікі. З гэтым трэба штосьці рабіць! Гэтыя словы, што цалкам адпавядаюць рыторыцы эканамічных войнаў між Расеяй і Беларуссю, прагучалі сёння падчас паездкі Уладзіміра Пуціна ў Краснадарскі край.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

«Продажы айчыннай менавіта сельгастэхнікі, нават канкурэнтаздольнай, на ўнутраным рынку скараціліся на 20 %. Трэба паглядзець, з-за чаго гэта адбываецца».

Гучыць пагрозліва для беларускіх машынабудаўнікоў. Аднак заявы заявамі, а на справе «калійная вайна» не пацягнула за сабою ні малочнай, ні нафтагазавай. Як паведаміла Міністэрства энергетыкі Расеі, у IV квартале ў нашую краіну экспартуюць 3,1 млн тонаў нафты.

Хоць некаторыя прарасейскія медыі і прадстаўляюць заяву Міністэрства энергетыкі як зніжэнне паставак нафты ў Беларусь, простая арыфметыка паказвае, што беларускія нафтаперапрацоўшчыкі не панеслі стратаў з-за арышту Баўмгертнера. Яшчэ да затрымання генеральнага дырэктара «Уралкалію» Расея планавала паставіць у Беларусь 18,5 млн тонаў сыравіны на ўвесь год. За I квартал нашая краіна атрымала 5,75 млн тонаў нафты, за II і III кварталы – па 5,3 млн тонаў. Разам з пастаўкаю 3,1 млн тонаў у апошнім квартале за ўвесь год Беларусь атрымае 19,45 млн тонаў нафты. Падчас «калійнай вайны» сума вырасла 0,95 млн тонаў. І размова толькі пра нафту, якая прыйдзе праз трубу.

ПАЎЛЮК БЫКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК, МЕНСК:

«У сітуацыі, калі Крэмль не абавязаны распальваць вайну, ён не будзе гэтага рабіць».

Бо ў самых багатых расейцаў у гэтай справе ёсць свой эканамічны інтарэс. Напрыклад, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод напалову належыць расейцам, а канкрэтна – холдынгу «Роснефтегаз». Кіруе прамысловым гігантам чалавек, які любіць заставацца ў ценю. Ігар Сечын, прэзідэнт кампаніі «Роснефть», блізкі да прэзідэнта Пуціна. Дарэчы, Пуцін у справу «Уралкалію» не ўмяшаўся ні разу.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

«Мы хочам развязаць праблему, а не заганяць яе ў тупік, што вельмі лёгка зрабіць, пачынаючы шум і гам у гэтым пытанні».

Без шуму і пылу сталася так, што «Роснефтегаз», паводле неафіцыйнай інфармацыі, збіраецца набыць акцыі «Уралкалію», якія належалі алігарху Сулейману Керымаву – 21,7%. Яшчэ 53,95% акцыяў «Уралкалію» застаюцца ў вольным звароце, іх таксама можна выкупіць. Ігар Сечын пакуль кажа толькі, што «Уралкалій» не прапаноўваў «Роснефтегазу» свае акцыі. Аднак гэта можа быць толькі сродак збіць іх кошт на біржы, які апошнім часам значна вырас.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:

«Пры змене акцыянера Баўгертнер больш не будзе патрэбны, з ім будзе разбірацца Расея. Гэтую справу беларускі Следчы камітэт перадасць у расейскую пракуратуру, і з расейскімі злачынцамі разбіраецца Расея».

Афера вакол беларускіх і расейскіх угнаенняў гучна пачалася і ціха скончыцца, кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

ПАЎЛЮК БЫКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК, МЕНСК:

«Хутчэй за ўсё знойдуць варыянт з захаваннем твару – перадаць расследаванне, а таксама арыштаванага расейскага грамадзяніна расейскім жа праваахоўным органам, якія не знойдуць складу злачынства ці штосьці падобнае, і сітуацыя неяк сама па сабе знікне».

Аднак не знікне самая па сабе рэпутацыя Беларусі як краіны, небяспечнай для топ-менеджэраў.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў