Экспарт нафты павялічыўся, а не зменшыўся!


На шматлікіх старонках сёння можна было прачытаць, што Расея скараціла экспарт нафты ў Беларусь. “Белсат” узброіўся калькулятарам, і высветлілася, што фактычна ўсё наадварот.

Сёння Міністэрства энергетыкі Расеі зацвердзіла графік і аб’ём экспарту нафты ў Беларусь на 4-ты квартал. За апошнія тры месяцы года ў нашую краіну трапіць 3,1 млн тонаў чорнага золата, гэта сапраўды на 42 % менш, чым у папярэднім квартале.

Зніжэнне было запланаванае, падкрэслівалі летась у сваіх заявах прадстаўнікі Крамлю і кампаніяў-пастаўнікоў.

Агульны аб’ём экспарту на 2013 г. быў запланаваны на ўзроўні 18,5 млн тонаў.

Але фактычна, згодна з нашымі падлікамі, Беларусь атрымае на 1 млн тонаў нафты больш, чым планавалася раней, – 19,45 млн тонаў.

Прапануем вашай увазе простую арыфметыку. Сума экспарту за 2013 г. мела скласці 18,5 млн тонаў, аднак, калі мы складзем аб’ёмы нафты, якую нам ужо экспартавалі: 5,75 (1-шы квартал) + 5,3 (2-гі квартал) + 5,3 (3-ці квартал) = 16,35 млн тонаў і дадзім да гэтага аб’ёму запланаваныя пастаўкі на 4-ты квартал – 3,1 млн тонаў, то атрымаем 19,45 млн тонаў.

Аб’ёмы расейскага экспарту незалежна ад таго, адбываецца іх рост ці змяншэнне, традыцыйна звязваюцца з нейкімі канфліктнымі сітуацыямі, якія складаюцца паміж Менскам і Масквою. На сённяшні дзень такім канфліктам можа назваць «калійную вайну». Аднак беларускі эканаміст Леанід Заіка лічыць, што на жыццё звычайнага беларуса гэтыя дадатковыя аб’ёмы нафты ніяк не ўплываюць. «Нас маюць цікавіць кошты на бензін, а не гэтая розніца ў пастаўках. 1 млн тонаў нафты ў гэтай сітуацыі пойдзе ў кішэнь беларускай наменклатуры. Яны заробяць на гэтым 400 млн долараў».

Ю.В., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары