«Самалёт мядзведзікаў» выставілі на аўкцыён


Атрыманыя ад продажу самалёта сродкі накіруюць на падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі.

Самалёт, з якога грамадзяне Швецыі ў жніўні 2012 года скідалі плюшавых мядзведзяў у небе над Беларуссю, выстаўлены на продаж на аўкцыёне Ebay.com. Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паведаміў адзін з удзельнікаў “плюшавага дэсанту” Тумас Мадзэцці.

Самалёт «Jodel» быў выпушчаны ў 1968 годзе. Стартавы кошт лота складаў 1 долар ЗША. На 17.05 паводле менскага часу кошт вырас да 1025 долараў.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з працаўнікоў кампаніі «Studio Total» несанкцыянавана пераляцеў паветраную мяжу Беларусі раніцаю 4 ліпеня 2012 года. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінаю Менску больш за 800 плюшавых мядзведзікаў з запіскамі ў падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што вайскоўцы і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржаўнай мяжы, паводле гэтага факту распачалі крымінальную справу.

31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў у забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага вайскова-паветранымі сіламі ды войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў