Шведская амбасада вяртаецца


У Міністэрстве замежных справаў прынялі часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі Марціна Обэрга. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні беларуска-шведскай супрацы, паведамляе беларускае Міністэрства замежных справаў.

Як інфармуе старонка амбасады ў Менску, прадстаўніцтва Швецыі зноў будзе адкрытае для наведнікаў у працоўныя дні з 9.00 да 12.00, аднак заяўкі на атрыманне візаў па-ранейшаму прымае амбасада Эстоніі.

Амбасада Швецыі ў Менску закрылася 30 жніўня 2012 года. Гэтаму папярэднічала рашэнне ўладаў Беларусі не працягваць акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум працаўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.

У сваю чаргу гэтаму папярэднічаў скандал з “дэсантам мядзведзікаў” – акцыю з незаконным пералётам беларускай дзяржаўнай мяжы здзейснілі грамадзяне Швецыі.

28 чэрвеня міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што вяртанне беларускіх дыпламатаў у Швецыю залежыць ад некалькіх акалічнасцяў. “Гэтае пытанне трэба разглядаць у комплексе. Цяпер у сістэме МЗС праходзіць аптымізацыя. З іншага боку, мы будзем улічваць узровень дачыненняў як у цэлым, так і з канкрэтнаю краінаю ў прыватнасці”, – сказаў ён.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў