Катком па трэшавым дызайне дзяржаўных сайтаў


Калі вочы – люстэрка душы, а кіраўнік краіны – увасабленне народу, то ўэб-дызайн сёння – новая форма праявы эстэтыкі нацыі. Відаць, у нашым выпадку нацыя і бюракратычны апарат – рэчы розныя, і транслююць яны ў інтэрнэце адмысловую эстэтыку. Шмат якія з іх ужо трапілі ў аналы by_trash, але мы вырашылі яшчэ раз прайсціся катком па дызайнерах дзяржаўнай ўэб-прасторы

А для гэтага мы скарысталіся з парадаў дасведчанага дызайнера Іллі Навуменкі (зрабіў дызайн старонак для Uniwersytet Warszawski, Noble Bank і шэрагу іншых аўтарытэтных арганізацый ды кампаній). Ілля пералічыў плюсы і мінусы вёрсткі дзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў і вось, што з гэтага атрымалася.

1. Міністэрства абароны

Плюсы: Гераічная спроба рэспансіўнасці. Сайт можна праглядаць на HD, і пры гэтым ён будзе выглядаць так сама дрэнна, як і на вашым “Аcer”.

Мінусы: Стартавая старонка ставіць нас у сітуацыю няпростага выбару моўнай ідэнтычнасці, з якою ў нас і так праблемы. Але ёсць падказка: “Рус.” свеціцца беленькім колерам.

Меркаванне аўтара: Адразу зразумела, што ворагі ў нашай краіне не спяць. Відавочна, таму сканэр у стылі “Red alert” скануе тэрыторыю нашай краіны. Магчыма, таму, што ворагі па-за межамі нашай краіны менш небяспечныя. Міністэрства абароны прысутнічае ў інтэрнэт-прасторы і ў больш якаснай версіі, новая старонка з’явілася зусім нядаўна. Амаль адразу пасля ўключэння старой версіі сайту ў спіс “прышчоў байнэту”.

2. Міністэрства культуры

Плюсы: Уражвальныя эфекты перацякання малюнкаў з Нацыянальнаю бібліятэкаю і народнымі майстрамі ў межах галоўнага слайд-шоу.

Мінусы: Падазроная чорна-бела-чырвоная колеравая гама. Падазрэнні падмацоўваюцца агрэсіўна-этнічнымі шпалерамі. Сапраўдная крыніца натхнення для эксперыментаў з трэш-эстэтыкаю.

Меркаванне аўтара: Апроч фальклору і саломкі ў беларускай культурнай прасторы больш, канечне ж, нічога няма. Што здзіўляе і прыніжае. Колькі можна культываваць сялянскасць? Ад слайдаў закружылася галава.

3. Міністэрства прамысловасці

Мінусы: Дадаістычны калаж не пасуе ў якасці фону для блакітных таблетак навігацыі з GIF-празрыстасцю з эпохі зараджэння інтэрнэту.

Плюсы: Не выяўленыя.

Меркаванне аўтара: З палітры прадукцыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў з невядомай прычыны моцна вылучаюцца каналізацыйныя люкі.

4. УП «Менсккамунцепласетка»

Толькі мінусы: Упадабанае айчынным інтэрнэтам выраўноўванне тэксту на абодва бакі дасягае на гэтым сайце свайго эпагею. Асабліва ярка яно выявілася ў графіку адключэння гарачай вады. Такога тэксту не расшыфруе нават дасведчаны аператар з каманды Морфіюса.

Меркаванне аўтара: Пасля візіту на гэтую старонку аўтар заставаўся ў шоку некалькі дзён.

5. Рэспубліканскі цэнтральны дэпазітарый каштоўных папераў

Плюсы: Адзіны са спісу сайт, за якім відаць працу людзей, звязаных не толькі з праграмаваннем і адміністрацыяй сеткі. Прыемныя градыенты ў духу апошніх тэндэнцыяў праектавання інтэрфэйсаў.

Мінусы: Не атрымалася зламаць стандартнай для дзяржаўных старонак блокавай кампазіцыі, якая нагадвае дошку аб’яваў на пад’ездзе. Хай нават гэта і аб’явы пра каштоўныя паперы.

Меркаванне аўтара: Надышло разуменне, што прыйшоў час паглядзець у “Вікіпедыі”, што ж такое ф’ючарсы.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары