Хакей і... масавае перасяленне


Чэмпіянат свету па хакеі яшчэ не распачаўся, а наступствы гэтага амбітнага праекту ўладаў ужо адчулі сталічныя студэнты. Навучэнцаў выселілі з інтэрнату: пакоі рамантуюць. Але не для іх, а для будучых гасцей чэмпіянату. Але ці будуць госці? Еўрапарламент заклікаў Міжнародную федэрацыю хакею адабраць у Беларусі права на правядзенне чэмпіянату.

{movie}Масавае перасяленне|right|12506{/movie}

У інтэрнаце № 2 універсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі – капітальны рамонт. З ужытку вывелі 700 месцаў, частку іншагародніх студэнтаў выгналі з пакояў у дзень засялення. Налета – выселяць усіх.

СТУДЭНТ БДУІР:
«5-ы курс выедзе раней. У малодшых курсаў сесія перанясецца на болей позні час, а заняткі скончацца да пачатку Чэмпіянату свету».

Вакацыяў у красавіку–траўні чакаюць 12 000 студэнтаў з сямі дзяржаўных універсітэтаў. У інтэрнатах жа будуць жыць заўзятары, а можа, і ўдзельнікі Чэмпіянату свету па хакеі.

Апроч гэтага, пераважна за грошы інвестараў для гасцей імпрэзы будуюць 11 і ўпарадкоўваюць – 22 гатэлі. Аднак спартовы аглядальнік Сяргей Шчурко сумняецца, што ў год правядзення Алімпіяды будзе шмат ахвочых наведаць Чэмпіянат у Беларусі, нават без візы.

СЯРГЕЙ ШЧУРКО, СПАРТОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«Калі іх нават адменяць на 2 тыдні – ніякага істотнага прарыву не будзе. Калі нехта лічыць, што існуе чарга ахвотных, але не могуць дазволіць сабе € 100 на візу, але затое будуць жыць за € 200 у нумарах. Тэатр абсурду. Таму я лічу, што аніякага жыццесцвярджальнага ўсплёску тут не будзе».

Можа не быць аніякага. Праз адмысловую рэзалюцыю Еўрапарламент заклікаў Міжнародную федэрацыю хакею не праводзіць Чэмпіянат свету ў Беларусі.

УЛЕ ШМІТ, ЕЎРАДЭПУТАТ, ШВЕЦЫЯ:
«Мы не маем дазваляць апошняму тырану Еўропы праводзіць міжнародную спартовую імпрэзу, якая можа дадаць яму легітымнасці».

Апанентаў улады катуюць, трымаюць за кратамі, парушаюць іншыя правы чалавека, няспынна нагадваюць еўрапейскія палітыкі. У хакейнай жа федэрацыі неаднаразова адказвалі, што палітычныя справы спорту не датычаць. А сёння – «не былі гатовыя» на каментар для «Аб’ектыву». Так ці інакш, паслядоўная пазіцыя еўрапалітыкаў спрацоўвае, кажуць назіральнікі.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
«Самое правядзенне дае вельмі шмат магчымасцяў для грамадзянаў Еўрапейскага звязу, для грамадскіх арганізацыяў Еўропы, еўрапейскіх палітыкаў – выразіць сваё стаўленне да сітуацыі ў Беларусі».

Краіны Захаду байкатавалі Алімпіяду 1980 года ў СССР. У адказ Савецкі Саюз з краінамі Варшаўскае дамовы – Гульні 1984 года ў Лос-Анджэлесе.

СЯРГЕЙ ШЧУРКО, СПАРТОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«Гэта былі маштабныя акцыі, якія грунтаваліся на супрацьдзеянні блокаў. Цяпер я не ўпэўнены, што Еўрапарламент валодае такою ўладаю, каб нейкім чынам указваць еўрапейскім урадам і тым жа амерыканцам, што ім трэба рабіць у стасунку да Чэмпіянату свету».

Спартовы аглядальнік мяркуе, што шайба не паляціць толькі ў выпадку, калі пляцоўка спаборніцтва не задаволіць зорныя каманды з ЗША, Фінляндыі, Канады.

Дасюль – план рыхтавання задавальняў… На беларускі лёд рыхтуюцца выйсці 16 зборных. Заўзятарам у Менску абяцаюць бясплатны праезд у транспарце і даступныя паводле цэнаў месцы ў інтэрнатах. Але коштам іх цяперашніх жыхароў: студэнтаў, якіх накіруюць на дадатковы адпачынак…

СТУДЭНТ БДУІР:
«Гэта ж толькі адзін раз, нястрашна».

Юлія Цяльпук, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў