Следчы камітэт і «агент Андру» шукаюць працаўнікоў «Белсату»


Сёння маці рэдактара інтэрнэт-старонкі «Белсату» Змітра Ягорава дастала з паштовай скрыні позву са Следчага камітэту на імя сына.

Упраўленне Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці выклікае Змітра Ягорава ў якасці сведкі для дачы паказанняў 18 верасня паводле крымінальнай справы (паводле якой – не паведамляецца). Позву падпісаў следчы ў асабліва важных справах аддзелу раскрыцця злачынстваў на транспарце і супраць парадку выканання вайсковай службы падпалкоўнік А.С. Мушынскі.

Апроч нагадвання пра адказнасць за адмову ад дачы паказанняў, у тэксце зазначана, што асобы, якіх выклікаюць для дачы паказанняў, маюць права на кампенсацыю выдаткаў, звязаных з расследаваннем справы.

Паводле заканадаўства, позву Змітру Ягораву мусілі перадаць асабіста, узяўшы ягоны подпіс. Таму ісці ў Следчы камітэт ён не збіраецца. «Я не быў сведкам ніякага злачынства ні на транспарце, ні звязанага з выкананнем вайсковай службы. Магчыма, гэта спроба аказаць на мяне ціск у сувязі з выкананнем маіх прафесійных абавязкаў», – патлумачыў Зміцер Ягораў.

Паводле дзіўнага супадзення, сёння ж невядомы чалавек, які падпісаўся «агентам Андру», настойліва прасіў у маці аднаго з палітвязняў кантакт жонкі Змітра Ягорава Наталлі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў