Беларускія тавары ў ЗША: «Слодыч» у кутку і «Мілавіца» з-пад крысся


Што ўражвае беларуса ў Амерыцы ды якія беларускія тавары можна там набыць? Параўноўваў і шукаў беларускую прадукцыю ў Чыкага Віктар Шукеловіч.



Трэці велічынёю горад ЗША спаткаў спякотаю. Арыентуючыся на беларускае надвор’е, я захапіў з сабою восеньскую куртку і некалькі швэдраў, але, як аказалася, дарэмна. Нават у сярэдзіне верасня тэмпература сягае тут 35–36 градусаў паводле Цэльсія. «Цяпер 100 градусаў цяпла», – кажа мне знаёмы амерыканец. – «100 градусаў?», – пытаюся я з вялікім здзіўленнем і з думкамі пра пекла, дзе смажацца няшчасныя душы. «Паводле Фарынгейта, еўрапеец!», – тлумачыць мне знаёмец.

Амерыканцы – гаваркія і прыязныя людзі. Яны самыя звычайна зачапляюць на вуліцы, пытаюцца пра справы, адкуль я прыехаў і ці не трэба мне дапамога. Працаўніца адной з забягалавак, дзе я на ламанай англійскай замовіў сабе абед, у якасці знаку прыязнасці падарыла мне шакаладку. Знаёмыя выхадцы з Еўропы адзначаюць, што гэта – фальшывыя жэсты. Але мяне падарунак парадаваў.

Амерыканскія дзівосы



Хмарачосы ў Чыкага займаюць дух. Настолькі высокіх гмахаў не пабачыш у Беларусі, хоць некаторыя з іх нагадалі мне дамы-«кукурузіны» на Веры Харужай ды вежы будынкаў насупраць чыгуначнага вакзалу ў беларускай сталіцы. Праўда, апрача цэнтру рэшта Чыкага – нізкая. У спальных раёнах пераважаюць аднапавярховыя ды двухпавярховыя дамы і зусім няма панэльных дзевяціпавярховікаў, як у менскай Серабранцы ці Малінаўцы. Амерыканцы – занадта вялікія індывідуалісты, каб жыць у мурашніках. Ці не ля кожнага сямейнага дамка – некалькі аўтамабіляў. Бензін у ЗША вельмі танны, таму нават у краму на суседняй вуліцы яны ездзяць, а не ходзяць. З гэтай прычыны на ходніку гарадской вуліцы амаль заўсёды пуста, і заблуканаму іншаземцу няма ў каго папытаць дарогі.



Замест мінакоў па вуліцы часцяком гуляе вецер, а агульны выгляд надзіва знаёмы – усё праз амерыканскія фільмы. З гэтай прычыны – бакавыя вуліцы з выстаўленымі ў радок сметніцамі аўтаматычна напаўняюць сэрца трывогаю. Уцякаю адтуль як мага хутчэй: здаецца, у любую секунду на цябе могуць напасці лютыя гангстары.

Вялікая колькасць амерыканскіх сцягоў на вуліцах – яшчэ адная адметнасць ЗША. Ці гэта напамін турыстам, каб не забывалі, у якой яны краіне, ці выяўленне глыбокага патрыятызму? Хутчэй, усё разам. Міжвольна ўяўляю сабе, як бы выглядаў менскі праспект Незалежнасці, аздоблены бел-чырвона-белымі сцягамі…

У амерыканскія бары не пускаюць, калі табе не споўніўся 21 год. Нязвыкла было назіраць за тым, што нават у людзей далёка за 30-тку ўсё яшчэ правяраюць на ўваходзе дакументы. Кажуць, турысткі з Расеі за адзін вечар адмыслова наведваюць некалькі бараў, а ўсё дзеля таго, каб у іх папрасілі пашпарт, а кабеты зноў маглі пачуць сябе маладымі.

На бульварах Чыкага можна пачуць розныя мовы свету. Ля помніку шахматнаму каню, які стварыў для гораду сам Паблё Пікасо, я прастаяў даволі доўга: ці не пачую раптам беларускае мовы? Літоўская, расейская, украінская… Беларускай не чуваць. Урэшце сам поўным голасам расказаў любімы з дзяцінства верш Коласа «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…». Атрымаўся невялічкі вулічны хэпэнінг. У Беларусі, пэўна, за такое маглі б кінуць на суткі – як за правядзенне несанкцыянаванай масавай акцыі. Сваё шоу ля помніку зладзіла таксама дзяўчына: пастаяла на галаве, пахадзіла на руках – цешылася са свае свабоды.

Што купіць у Амерыцы?



«Набудзь сабе, – жартуюць амерыканцы. – Калі вернешся ў Беларусь, пахвалішся сябрам, што маеш сваю царкву ў ЗША». «Я б купіў, – аджартоўваюся. – Пазычце толькі мне купідла».

Куды могуць найперш кіравацца беларусы, прыбыўшы ў ЗША? Вядома, у краму, каб набыць сабе харчы ды смачна пад’есці пасля доўгага пералёту. Не прызвычаеныя да амерыканскіх гамбургераў, яны мусяць шукаць, пэўна, ежу з радзімы. Але, як высветлілася, у адрозненне ад расейцаў, палякаў, літоўцаў ці ўкраінцаў, беларусы ў Чыкага не маюць сваёй крамы. Шукаю харчоў з Беларусі ў іншых гандлёвых пунктах.

«Тут ёсць усё», – кажа знаёмая эмігрантка з Беларусі, якая згадзілася быць маёй правадніцаю па супермаркетах. «У галодныя 90-я нам, беларусам, казалі, што ў Амерыцы ёсць усё, а нам цяжка было ў гэта паверыць. Паверыла толькі тады, як сама змагла гэта пабачыць», – падкрэсліла жанчына.

Дастатак амерыканцаў дазваляе ім купляць экзатычныя прадукты. Папая, да прыкладу, каштуе крыху больш за долар. 35–50 цэнтаў за штуку каштуюць свежыя акіянскія малюскі ў ракаўках. Васьміногі, кальмары, крэветкі… Адмыслова для артадаксальных юдэяў – кашэрная соль.

Кіруюся да паліцаў з гарэлкаю. Ёсць усялякая, а беларускай – няма. Сярод згушчонкі – толькі расейская і ўкраінская. Ёсць армянскія слодычы, зробленыя ў Вісконсіне. Украінскае сала – калі ласка, за $ 12,99. Нядорага можна купіць кавалак «Доктарскай» ці «Сталічнай» кілбасы. На абгортцы, праўда, зазначана, што хоць брэнд расейскі – зробленыя мясныя прысмакі ў ЗША. «No preservatives», – чытае расейская пара надпіс па-англійску на апакаванні хлеба. «Гэта што значыць? Хлеб без прэзерватываў?», – пытае муж жонку. «Пакладзі назад, купім іншы», – загадала кабета з усмешкаю на твары.



Дзе ж падзелася беларускае? Наведаўшы некалькі крамаў і не знайшоўшы нічога з Беларусі, шчыра паспачуваў нашым эмігрантам. Нячаста ім, відаць, даводзіцца ласавацца гасцінцамі з Беларусі. Нарэшце, калі амаль губляю надзею, на вочы трапляецца нешта знаёмае – «Беларускае мядовае пячэнне» з фабрыкі «Слодыч». На паліцы апошні пачак. Вядома, беларускае ды смачнае – таму і раскупілі. Шукаю далей і трапляю ўжо на прадукцыю гомельскага «Спартака»: печыва «Аўсяна-сметанковае» за $ 2,49 і «Аўсянае з фруктозай» усяго за долар. Гэтак танна, бо заканчваўся тэрмін прыдатнасці. Паддаўся спакусе ды захапіў адзін пакунак з сабою, каб падтрымаць сваім доларам беларускага вытворцу.



На стэлажах са слодычамі раптам заўважаю «Дары Палесся». Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз з Гомля. Ёсць іншыя наборы «Спартака» ды шакаладныя бутэлечкі з лікёрам. Большасць схаваная ў куце самай ніжняй паліцы. «Беларускія цукеркі ціха плакалі ў кутку», – перафразаваў я вядомае выслоўе.

Знаёмая беларуска распавяла, што, апрача цукерак, зусім нядаўна ў Чыкага можна было набыць таксама бялізну вытворчасці беларускай фірмы «Мілавіца». «Праўда, цяпер тая крама ўжо не працуе. Я пазваніла нядаўна да былой уладальніцы ды пацікавілася, ці можна яшчэ нешта купіць з бялізны. Тая параіла замаўляць праз інтэрнэт. Вядома, я б хацела таксама прымерыць, дык гандлярка сказала: «Калі хочаш, прыязджай у гандлёвы цэнтр. Я таксама прыеду, прывязу бялізну, дык памераеш сабе у туалеце. Ці гэта сур’ёзна?», – выказала разгубленасць жанчына.

Апроч печыва ды цукерак, працягвае мая суразмоўца, у ЗША можна набыць таксама беларускія трактары. Фірма-пастаўца прадукцыю Менскага трактарнага заводу на амерыканскі кантынент мае сядзібу недалёка ад Чыкага – у горадзе Мілўокі (Milwaukee). Праўда, ці зможа паездка з вецярком на купленым трактары спаталіць тугу беларускіх эмігрантаў па радзіме?

Больш пра беларускае аблічча Чыкага – у наступных рэпартажах Віктара Шукеловіча на нашай старонцы.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў