Арэнда ў дзяржавы


Свята гораду, дзень праграміста і ключы ад новых кватэраў. Усе гэтыя радасныя падзеі сышліся разам у Менску, дзе адчыніліся дзверы дзяржаўнага арэнднага жытла для працаўнікоў парку высокіх тэхналогіяў. Але ці ў стане новаўвядзенне развязаць арэндныя праблемы сталіцы?
{movie}Арэнда ў дзяржавы (14.09.2013) |right|12492{/movie}
За дзень да адкрыцця арэндных дамоваў у Менску на вуліцы Францыска Скарыны адказныя чыноўнікі, прысутныя на месцы, каментаваць, што ж за гэткая новая ініцыятыва ўладаў тут паўстала, нам адмовіліся…

Відаць, моцна пераймаліся апошнімі прыгатаваннямі перад здаваннем кватэраў наймальнікам.

Афіцыйна кошт найму квадратнага метру ў гэткім доме складзе 20 тыс. рублёў. Такім чынам аднапакаёўка 45 квадратных метраў будзе каштаваць 900 тыс. на месяц без камунальных выплатаў. Гэтая лічба ў разы меншая ад тых коштаў, якія цяпер існуюць на рынку арэнды жытла сталіцы. З праблемамі пошуку добрай кватэры за добры кошт зусім нядаўна сутыкнуўся і наш калега Алесь Залеўскі

АЛЕСЬ ЗАЛЕЎСКІ, ЖУРНАЛІСТ
: «Тыя цэны, якія цягам года дасягнулі вышыняў сапраўды заходнееўрапейскіх у Беларусі, мяне здзівілі, бо 90 % выпадкаў гэты кошт папросту не адпавядае якасці кватэры: ці то ты здымаеш кватэру ў хрушчоўскім старым раёне ці засяляешся ў навабуд, як правіла, розніца – толькі ў некалькі дзесяткаў долараў».

Паводле групы кампаніяў «Твая сталіца» сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў жніўні склаў $ 375, гэта на 19 % больш, чымся ў пачатку года. Арэнда двухпакаёвай кватэры са студзеня павысілася на 20 % і склала $ 472. Аднак найвялікшы рывок датычыў трохпакаёвак, якія падаражэлі з пачатку 2013-га ажно на 118 %, а сярэдняя арэндная выплата за іх склала $ 503 долары.

ПАВЕЛ КУЗНЯЦОЎ, КАМПАНІЯ «ПАКАДАН»: «Кошты сягнулі свайго, напэўна, максімуму, магчымыя яшчэ некаторыя ваганні хутчэй усяго ў бок павелічэння. Цяпер ужо спрацоўвае невядомы фактар, які не мае эканамічнай асновы».

Аднак для незалежных эканамістаў гэты ікс-фактар не ўяўляе загадкі.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ: «Сітуацыю на арэндным рынку вызначаюць не гэтыя два дамы, а платназдольны попыт. Гэты попыт прадвызначаны не сярэднім заробкам па краіне, а тым, што гэта Менск і сюды ўсе шчэмяцца!».

Аднак далёка не толькі працоўныя мігранты разам са студэнтамі павышаюць сталічны попыт на жытло. Галоўны фактар – размеркаванне фінансавых плыняў.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ: «7/8 фінансавага капіталу Беларусі сканцэнтравана ў Менску, праз тое пераразмеркаванне і ідзе вось гэткі высокі кошт».

На вуліцах сталіцы ўзгадваюць і іншыя аспекты падаражанняў.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Напэўна, сквапнасць арэндадаўцы».
«Сквапныя ўсе».
«Павышаюцца камунальныя паслугі, падаткі растуць».
«Трэба мяняць эканоміку, тады ўсё будзе танней».

Паводле старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, да канца 2014 года працаўнікі тэхнічных універсітэтаў атрымаюць магчымасць засяліцца ў 1 тыс. арэндных кватэраў, аднак наўрад гэта зменіць сітуацыю на рынку арэнднага жытла 2-мільённай сталіцы.

Кірыл Смяглікаў, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў