Мір, верасень, пратэст


Плячо да пляча ў калонах ішлі нацыяналісты, антыфашысты, анархісты, сябры ЛГБТ і тыя, хто трымаў у руках плакаты з надпісамі «За моцную каталіцкую Польшчу».

{movie}Польскія прафесійныя звязы вывелі на вуліцы Варшавы прыблізна 150 тыс. асобаў. |right|12486{/movie}

«Яны мусяць працаваць, а не лынды біць, крыкуны чортавы», – даносілася з натоўпу гледачоў, якія плаўна ператвараліся ў няспешна цякучую масу пратэстоўцаў. «Большасць з іх не разумее, навошта яны сюды прыперліся», – бубнеў пад нос стары бяздомнік, але ўдзячна ўсміхнуўся дзяўчыне з настаўніцкага прафсаюзу, якая пачаставала яго лусцянём.

Менавіта хлеб надзённы стаў прычынаю гэтай пратэставай акцыі. Паліцыянты, настаўнікі, медычныя працаўнікі, шахцёры, сталявары ды прадстаўнікі іншых спецыяльнасцяў сваймі нагамі выказвалі незадаволенасць палітыкаю польскага ўраду.

«Публічны доўг расце, эканоміка слабая, заробкі не растуць, беспрацоўе павялічваецца, сына трэба вучыць, а я на працы па 14 гадзінаў і зарабляю 2400 злотых [$ 800 – belsat.eu]», – распавядае 58-гадовы касір Міхал. Тыя, хто выйшаў на вуліцы польскай сталіцы, былі незадаволеныя не толькі сваймі заробкамі, але і пенсійнаю рэформаю. Паводле планаў ураду з 2040 года выйсці на пенсію палякі змогуць толькі ў 67 гадоў.

Незадаволенасць польскім урадам у гэты прыемны восеньскі дзень ураўнаважылі нараканні з боку кіроўцаў. Галоўныя артэрыі гораду былі заблакаваныя. «Што тут пратэставаць: у Варшаве людзі жывуць – ні адпачыць, ні аўтам праехаць», – кажа Яцэк, уладальнік новенькага «BMW». «Мне пляваць на гэтую пенсію ды іхныя заробкі, я ў Брытанію ганяю тынкаваць», – дадае на напалову англійскай, а напалову польскай мове сябра Яцэка. «Гэта чыстая палітыка. Большасць з тых, хто тут сабраўся, – людзі Качыньскага [Ярослаў Качыньскі – лідар другой з папулярнасці палітычнай партыі ў Польшчы, – belsat.eu]», – тлумачыць добра апрануты мужчына, які не захацеў называцца і папрасіў прэзентаваць яго проста як ліберала. «Кіраўнікі гэтых прафсаюзаў зарабляюць дзясяткі тысяч долараў», – спасылаецца ліберал на нейкія свае патаемныя крыніцы. Тым часам з гукаўзмацняльнікаў гучыць плыня іроніі на адрас польскага ўраду і яго кіраўніка, які апошнім часам здаў пазіцыі ды пакрысе губляе рэйтынг.

Ці зматывуе гэтая акцыя пратэсту польскі ўрад, пакуль невядома, але ў адрозненне ад Беларусі кожны незадаволены змог рэалізаваць сваё права выказацца, не пачуўшы абвінавачанняў у лаянцы, а польскі ўрад атрымаў адназначны сігнал – трэба працаваць лепш, калі хочаш застацца пры ўладзе. Сёння лідар легендарнага польскага звязу “Салідарнасць” заклікаў збіраць подпісы за роспуск парламента.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў