На ростанях інтэграцыі


Мытны саюз сёння пашырыўся на Арменію. На гэтым Масква не спыняецца і спадзяецца на ўдзел Ерэвану ў стварэнні Еўразійскага саюзу. Праўда… Аб’яднаная Еўропа мае сумневы, што да сумленнасці захадаў, якімі пашыраецца інтэграцыя на Усход.
{movie}На ростанях інтэграцыі (13.09.2013) |right|12484{/movie}
Эксперты ж сумняюцца, што ў еўразійскага праекту ёсць доўга-тэрміновыя перспектывы.

Вось так, амаль левітанаўскім голасам абвесцілі пра далучэнне Арменіі да Мытнага саюзу. Масква абяцае дапамагчы куляючай эканоміцы Ерэвану, калі толькі інтэграцыя не спыніцца і краіна ўвойдзе ў Еўразійскі саюз.

Разам з гэтым Расея намякае, што Арменіі варта паспяшацца, бо новы саюз стане рэальнасцю ўжо ў першы дзень 2015 года.

АНДРЭЙ СЛЯПНЁЎ, МІНІСТР ГАНДЛЮ ЕЎРАЗІЙСКАЙ ЭКАНАМІЧНАЙ КАМІСІІ: «Нам трэба імкнуцца да таго, каб Арменія стала сузаснавальніцаю Еўразійскага эканамічнага саюзу і гэта ставіць задачу за гэты год з чымсьці правесці вялікую працу ў нармалізацыі заканадаўства».

Тым часам Брусель звяртае ўвагу на тое, што краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнёрства» інтэгруюцца з Расеяй зусім не з добрай волі.

КАРЛ БІЛЬТ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ШВЕЦЫІ: «На Арменію, відавочна, моцна ціснулі, я таксама бачу, як Расея пагражала Малдове як адключэннем паставак газу, гэтак і адмоваю ад экспарту віна. Гэта звычайная пагроза эканамічнаю вайною».

Безумоўна, для лаяльных саюзнікаў у Крамля знойдзецца і пара пернікаў, напрыклад у якасці зніжкі на газ ці стабілізацыйнага крэдыту. Пытанне ў тым, ці будзе дастаткова ў Расеі сродкаў на прымусова-добраахвотную інтэграцыю.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ДЫРЭКТАР ЦЭНТРУ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ: «У Расеі няма рэсурсаў, каб паўплываць на палітыку Малдовы, Украіны. І нават у яе няма рэсурсаў, каб паўплываць на палітыку Беларусі, калі Беларусь пастановіць змяніць геапалітычны вектар».

Апошнімі гадамі гэты вектар застаецца нязменным. Дый не сакрэт, што Расея ёсць стратэгічным партнёрам для Аляксандра Лукашэнкі, што дапамагае ўтрымліваць уладу. Але ці ідзе Мытны саюз на карысць краінам, а не палітыкам?

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ДЫРЭКТАР ЦЭНТРУ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ: «У стратэгічным сэнсе гэтыя краіны нічога не набываюць у Мытным саюзе. Там няма ані тэхналогіяў, якія мы можам набыць, ані выгодаў значных ад свабоднага гандлю з гэтымі краінамі».

Таму ў выпадку любога палітычна-эканамічнага канфлікту Менск пачынае асцярожна шукаць падтрымання на Захадзе. Сёння за раўнапраўны дыялог у межах «Усходняга партнёрства» выказаўся міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Зацягвае з інтэграцыяй і Украіна, дзе Януковіч намагаецца балансаваць паміж прапановамі Бруселю і спакусамі Масквы. На нялёгкую сітуацыю для расейскіх саюзных праектаў звярнуў увагу і ўплывовы часопіс «The national interest».

«THE NATIONAL INTEREST»: «ЕЎРАЗІЙСКІ ПЯСОЧНЫ ЗАМАК КРАМЛЯ ВАЛІЦЦА»: «Расея застанецца толькі з цяперашнімі чальцамі Мытнага саюзу – Беларуссю і Казахстанам. Але ні прэзідэнт Лукашэнка, ні прэзідэнт Назарбаеў, якія кіруюць сваймі краінамі 19 і 23 гады адпаведна не схільныя ахвяраваць сваёй з цяжкасцю назапашанай уладаю на алтары невядомага Левіяфана».

Але ці ўрэшце дасць Аб’яднаная Еўропа рэальную альтэрнатыву Расеі? Даведаемся ў лістападзе, падчас віленскага саміту краінаў «Усходняга партнёрства».

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў