Скарына і «Песняры» на новых беларускіх грошах


https://youtu.be/5KzrfqGFH48
Пра тое, як у незалежнай Беларусі ствараліся талеры і куды яны зніклі, у «Размове Жбанкова» распавядае штатны дызайнер Нацбанку Таццяна Радзівілка.

Менавіта Таццяна Радзівілка прыдумала банкноту вартасцю Br 1 тыс., якую сёння кожны мае ў сваім гаманцы. Але дызайн сучасных беларускіх грошай яна ацэньвае на «троечку» паводле пяцібальнай шкалы. Ёй больш даспадобы мінімалістычныя еўры і швейцарскія франкі.

На еўрах змясцілі нейтральныя выявы мастоў. Твараў няма – каб «дзяржавы не цягнулі коўдры на сябе» і не прасоўвалі сваіх герояў. Такое ўражанне, што Беларусь ўжо апынулася ў Еўразвязе: на банкнотах – адныя будынкі. Чаму? Паводле дызайнеркі, рашэнне пра стыль банкнотаў незалежнай Беларусі прынялі спантанна. «Я падазраю, што ў дыскусіі ў малым коле выказалі ідэю змясціць звяроў, каб пакуль не чапаць балючае пытанне гісторыі. Плаўна звяры перайшлі ў серыю архітэктурных збудаванняў», – распавядае спадарыня Радзівілка.

У 1998 годзе невялікая група працаўнікоў Нацбанку пачала прасоўваць ідэю новага стылю банкнотаў. На іх былі Францішак Скарына, Янка Купала і Якуб Колас, Марк Шагал і ансамбль «Песняры». Як варыянт распрацавалі эскіз з Янкам Купалам на адным баку і Мірскім замкам – на другім. І называліся грошы не рублямі, а талерамі.
{movie}Таццяна Радзівілка ў “Размове Жбанкова”|right|12461{/movie}
«У 1998 годзе ў Нацбанку ўзніклі сумневы адносна таго, як рухацца далей, – узгадвае спадарыня Радзівілка. – На пачатковым этапе ўсё гэта добра распрацоўвалася, але без перспектывы. Гэта была групавая ініцыятыва, прыватная, можна нават сказаць. Адсоткаў на 90 мы ведалі, што нічога не атрымаецца, але на ўсялякі выпадак распрацоўвалася такая тэматыка. У выніку стала працягвацца архітэктурная серыя».

Паводле суразмоўніцы, гістарычных асобаў, якія з’яўляюцца на памятных манетах, прапаноўвае Інстытут гісторыі Акадэміі навук, а ўзгадняецца тое на самым высокім узроўні. Таццяна Радзівілка адзначае, што ў Нацбанку працуюць моцныя дызайнеры, якія за манеты атрымліваюць міжнародныя ўзнагароды. Таму сучасныя беларускія банкноты выглядаюць архаічна не праз адсутнасць прафесіяналізму. Затое, зазначае адмыслоўца, абароненыя нашыя рублі лепей за долары.

Спадарыня Радзівілка хацела б бачыць на банкнотах хутчэй дзеячаў культуры і гісторыі: «Трэба дачакацца іншых часоў. Калі змяняецца дызайн нацыянальнай валюты? Калі адбываюцца змены ў дзяржаве».

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары