Кіраўніцтва школы гатовае пашырыць беларускі клас, калгаснікі – супраць


У беларускамоўным класе школы № 34 у Берасці – усяго пяцёра дзетак.

Уладзімір Вялічкін, бацька Францішка, кажа, што настаўнікі ды адміністрацыя школы прыязна ставіцца да беларускага класу і нават былі б радыя яго пашырэнню. Але наракае, што самі бацькі сёння цураюцца беларускамоўнага навучання. Паводле яго, часам да беларускамоўных дзяцей грэбліва ставяцца бацькі расейскамоўных вучняў.

«Асаблівая пагроза ад гэтак званай «калгаснай інтэлігенцыі», у якіх родная мова асацыюецца з простым паходжаннем, і таму яны ўсяляк хочуць ад яе аджагнацца. Менавіта гэтая катэгорыя людзей люта ненавідзіць усё беларускае. Часта гэта абсалютна неадукаваныя людзі, але вельмі актыўныя і агрэсіўныя». Праўда, большасць людзей, кажа Уладзімір Вялічкін, са спагадаю ставіцца да дзяцей беларускага класу, хаця і не спяшаюцца прывесці туды сваіх малых.

У 3 «Б» класе навучаюцца ўсяго пяцёра дзетак. Але ад іншых вучняў Берасця яны адрозніваюцца тым, што абралі беларускую мову навучання. Бацькі выхоўваюць дзяцей патрыётамі, у любові да гісторыі і культуры Беларусі. Нядаўна бацькі наведалі з дзеткамі Чэхію, каб пазнаёміцца з беларусамі замежжа. Іх гасцінна прыняла беларуская дыяспара.

Паводле Уладзіміра Вялічкіна, Чэхію абралі таму, што гісторыя Беларусі, асабліва БНР, непарыўна звязаная з Прагаю: «З Чэхіяй звязалі свой лёс Францішак Скарына, Ларыса Геніюш, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі ды шмат іншых выбітных беларускіх дзеячаў. Там багата помнікаў беларусам, многія там і пахаваныя. Таму вучням беларускага класу і варта было пабываць у Чэхіі. І мы не пашкадавалі, дзеткам там вельмі спадабалася. Тым болей што ў Чэхіі каля 2,5 тысячаў розных замкаў, дзецям было вельмі карысна зазірнуць на гэтую велічную сярэднявечную культуру».

Чэхі, як распавёў Уладзімір Вялічкін, часта пыталіся, адкуль дзеці прыехалі, бо вучні былі апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары