Бабруйск: спрэчкі пра прэмію дайшлі да суда


Свабодны прафсаюз беларускі падаў позву супраць кіраўніцтва Заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску за нявыплату чальцам прафсаюзу дадатковай прэміі за культуру вытворчасці. Прэмія была для ўсіх, але чальцы незалежнага прафсаюзу яе не атрымалі.

«Перайдзі ў афіцыйны прафсаюз – і атрымаеш усё»

Яшчэ на пачатку чэрвеня працаўнікі 2-га механазборачнага цэху заводу ТДіА на дошцы аб’яваў убачылі такі тэкст: «Кіраўніцтва цэху абвяшчае ўдзячнасць працаўнікам механазборачнага цэху № 2 за высокі ўзровень культуры на працоўных месцах і паведамляе, што ўсе працаўнікі цэху атрымалі дадатковую прэмію ў памеры 200–300 тысяч рублёў».

І хоць прэмія, як вынікае з аб’явы, прызначалася для ўсіх працаўнікоў, чальцы Свабоднага прафсаюзу беларускага яе не атрымалі, пра што раней пісаў «Белсат».

Спробы высветліць, на якой падставе сяброў СПБ пакінулі без прэміі, вынікаў не далі. Начальнік 2-га цэху Міхаіл Ваянец спасылаўся на тое, што выплата прэміі – гэта рашэнне кіраўніцтва заводу, а кіраўніцтва заяўляла, што начальнік цэху вырашае, каму з працаўнікоў даць прэмію, а каму – не.

Неафіцыйнае ж тлумачэнне гучала: перайдзі ў афіцыйны прафсаюз – і будзеш атрымліваць прэміі. «Начальнік цэху мне сказаў: мы ўсе бонусы робім у адпаведнасці з калектыўнаю дамоваю. А там пазначана, што вам (чальцам СПБ. – М. М.) бонусы не належаць. Пераходзь у наш прафсаюз – і атрымаеш усё», – распавяла працаўніца 2-га цэху Аксана Кернажыцкая.

Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюзуМіхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюзуСвабодны прафсаюз паспрабаваў вырашыць пытанне ўнутры заводу, праз камісію працоўных спрэчак. Але калі намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка адмовіўся склікаць камісію, адзіным шляхам застаўся суд. Лідар свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў упэўнены, што ў судзе зацікаўленае і кіраўніцтва заводу: «Ідэолаг Елісеенка знайшоў самыя розныя прычыны, каб адмовіць у скліканні камісіі працоўных спрэчак. Усё гэта рабілася, каб давесці справу да суда, каб потым заявіць, што са Свабодным прафсаюзам ніяк нельга дамовіцца – яны, маўляў, адразу ў суд».

На судзе прадстаўнікі адміністрацыі заводу тлумачылі нявыплату прэміяў сябрам СПБ новаю калектыўнаю дамоваю, што была падпісаная паміж заводам і прафсаюзам АСМ сёлета ў сакавіку. Паводле гэтай калектыўнай дамовы, якую сябры СПБ лічаць дыскрымінацыйнаю і мяркуюць, што яна парушае Працоўны кодэкс, на дадатковыя выплаты маюць права толькі чальцы афіцыйнага прафсаюзу.

«Але тут прэміі выплацілі і тым, хто ўвогуле ні ў які прафсаюз не ўваходзіць. А нам – не, – заўважае Міхаіл Кавалькоў. – То бок, мы зноў бачым адкрытую дыскрымінацыю».

Ідэолаг: «Гэты прафсаюз – боль нашага заводу»

Ідэолаг заводу Уладзімір Елісеенка адзначае, што прэмія – гэта ўзнагарода, і не атрымалі яе таму, што не заслужылі. «І вельмі нясціпла цяпер з боку працаўнікоў патрабаваць у кіраўніцтва ўзнагароду, – падкрэсліў Уладзімір Елісеенка, і дадаў: – Гэты прафсаюз быў створаны некалі як пратэставая арганізацыя, і яны, напэўна, засталіся ў 1990-х гадах. Яны забываюць, што час пратэстаў прайшоў, што надышоў час сацыяльнага партнёрства. Гэты прафсаюз – гэта боль нашага заводу».

Слуханне справы Свабоднага прафсаюзу супраць кіраўніцтва заводу ТДіА працягнецца на наступным тыдні.

Адміністрацыя заводу паабяцала даць суду доказы парушэнняў у працы сяброў СПБ. Міхаіл Кавалькоў упэўнены, што яны не змогуць знайсці гэтых доказаў, калі толькі не сфальсіфікуюць іх: «Калі б былі нейкія парушэнні за красавік-травень у нашых працаўнікоў, то і цэх не атрымаў бы высокай ацэнкі працы. І якія доказы яны цяпер будуць шукаць? Усё гэта будзе сфальсіфікавана. Бо парушэнняў у іх не было, гэта – найлепшыя працаўнікі цэху», – адзначае старшыня Свабоднага прафсаюзу.

Кіраўніцтва заводу ТДіА ў Бабруйску вядзе сапраўдную вайну са Свабодным прафсаюзам. «Белсат» неаднаразова пісаў пра пагрозы, подкупы, звальненні, адкрытую дыскрымінацыю ў дачыненні сяброў і старшыні СПБ.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў