Навошта нам іхняя авіябаза?


https://youtu.be/n3Fe_mjJvnE

<> Каб адчыніць гэтае відэа на іншай старонцы, скапіюйце код фільму.

Чыноўнікі Расеі і Беларусі рапартуюць, што пытанне пра стварэнне расейскай авіябазы ў нашай краіне ўжо вырашанае. І калі замежная авіябаза вось-вось з’явіцца ў Беларусі, то меркаваннем жыхароў на гэтую тэму гэтак ніхто і не пацікавіўся. На сядзібе партыі БНФ прайшлі грамадскія слуханні, у якіх адмыслоўцы падсумавалі плюсы і мінусы з’яўлення расейскіх самалётаў на авіябазе каля Ліды.
{movie}Навошта нам іхняя авіябаза? (11.09.2013) |right|12442{/movie}

Першай справай, як пяецца, самалёты. Ну, а інтарэсы Беларусі ўжо пасля. Калі ў красавіку міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што Крэмль плануе збудаваць авіябазу ў нашай краіне, адчувалася, што меркавання беларусаў ніхто і пытацца ня будзе. Тым болей, што афіцыйна казалася пра тое, што база мае ўмацаваць супрацьпаветраную абарону Беларусі. Праўда, ёсць адно «але»…

АЛЯКСАНДР АЛЕСІН, ВАЙСКОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК
: «…Калі ўзяць тып самалётаў, які там размяркуюць, трэба сказаць, што ён валодае збытнымі для Беларусі ўдарнымі магчымасцямі. Гэта ракетна-бомбавая нагрузка прыблізна 8 тонаў, дальнасць дзеяння – 1500 кіламетраў і магчымасць размяшчэння ракетаў дальняга радыусу дзеяння».

Як расейскія наступальныя машыны маюць умацаваць абароназдольнасць беларускага войска – не зусім зразумела. Праўда, узнікае яшчэ адзін цікавы момант: расейская база хутчэй за ўсё будзе экстэрытарыяльная. То бок дэ-юрэ гэта будзе тэрыторыя Расейскай Федэрацыі, таму ўзбраенне гэтых самалётаў можа быць розным.

АЛЯКСАНДР АЛЕСІН, ВАЙСКОВЫ АГЛЯДАЛЬНІК: «Расея на сваёй тэрыторыі можа размяшчаць што заўгодна, у тым ліку і тактычную ядравую зброю. І з кропкі гледжання міжнароднага права, ніхто не можа ёй рабіць ніякіх закідаў».

Малаімаверна, каб улады Беларусі не бачылі ў гэтым ніякай небяспекі. Адмыслоўцы сыходзяцца на думцы, што Лукашэнка, як заўсёды жыве кароткатэрміновымі перспектывамі.

АНДРЭЙ ПАРОТНІКАЎ, АНАЛІТЫК «BELARUS SECURITY BLOG»: «Для ўладаў Беларусі гэта хутчэй за ўсё з прыцэлам на 2015 год – заручыцца падтрыманнем Масквы. Падтрымкаю палітычнаю і фінансаваю, безумоўна. І гарантаваць сабе тое, што расейскія вярхі не будуць гуляць супраць дзейнага кіраўніка дзяржавы, то бок што не будзе ніякага прамаскоўскага кандыдата ў 2015 годзе».

Пакуль супраць стварэння расейскіх базаў пратэстуюць адзінкі. Грамадскія слуханні акурат мелі на мэце зацікавіць грамадства будучыняю больш далёкаю. Бо ў выпадку канфлікту Расеі з Захадам біць будуць па беларускай зямлі.

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары