Мыта Лукашэнкі знішчыць бізнес беластоцкіх гандляроў


Летась беларусы, якія перасякалі польскую ўсходнюю мяжу ў Кузніцы, Баброўніках і Палуўцэ, набылі тавараў у Польшчы больш як на 760 млн злотых (каля 220 млн. долараў). Гэта на 100 млн больш, чым у 2011 годзе. Найбольш актыўна беларусы закупаюцца перад Калядамі. У святочны сезон адбываюцца сапраўдныя налёты на польскія крамы. Беларускія грамадзяне набываюць у памежжы практычна ўсё: ежу, электроніку, бытавую тэхніку, адзенне і абутак.

Аднак кіраўнік Беларусі мае намер абмежаваць гэты шопінг. Падчас нядаўняга візіту на адзін з беларускіх заводаў Лукашэнка абвесціў пра магчымасць увядзення адмысловага мыта для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу на закупы. Лукашэнка лічыць, што тыя, хто закупаецца за мяжою, мусяць плаціць за выезд з краіны 100 долараў.

У тэлефоннай размове прэс-сакратар пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы Аляксей Зелянко адзначыў, што пакуль ніякай інфармацыі пра ўвядзенне мыта ён не атрымаў. «Ёсць розныя ідэі абмежаванняў імпарту, але якія з гэтых ідэяў, і ці ўвогуле яны ідэі, будуць ужывацца, – на гэты момант такой інфармацыі ў мяне няма».

Пакупнікі, што набываюць харчы на найбуйнейшым рэгіянальным вулічным базары ля вул. Кавалерыйскай у Беластоку, не ў захапленні ад новай ідэі Лукашэнкі. Баяцца гэтай ідэі і беластоцкія гандляры. «Калі беларусы не прыедуць да нас, то мы будзем вымушаныя проста зачыніцца», – распавядае прадпрымальнік Войцех Юргель.

А вось на думку палітолага Томаша Мадраса, такім чынам Лукашэнка хоча найперш палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне – але не толькі. Ён паміж Еўропаю і Расеяй. А калі больш ізалявацца ад Еўропы, то гэта ў пэўным сэнсе набліжае Беларусь да Расеі. На думку палітолага, такая ініцыятыва балюча ўдарыць па кішэнях як беларусаў, так і палякаў.

КР,ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў