«Дып-кантрабандыст» прызнаў сябе вінаватым


Вырак грамадзяніну Беларусі Сяргею Балтуцкаму, якога вінавацяць у незаконным вывазе прыладаў начнога бачання з ЗША праз дыпламатычную пошту, будзе абвешчаны ў канцы верасня ў федэральным судзе Усходняй акругі штату Пенсільванія.

Балтуцкі ачольваў групу кантрабандыстаў прыладаў начнога бачання. Праваахоўнікам удалося заманіць яго ў ЗША і аддаць пад суд. Як і іншыя фігуранты, ён прызнаў сябе вінаватым.

Паводле версіі следства, за перыяд нелегальнай дзейнасці Балтуцкі ды ягоныя саўдзельнікі набылі забароненага да вывазу з тэрыторыі ЗША абсталявання больш як на $ 700 000.

Паводле звестак Расейскай службы Бі-Бі-Сі, закуп ПНБ у Амерыцы ўзначальваў беларус Ягор Осін, які адпраўляў іх на радзіму Сяргею Балтуцкаму. На думку адваката Балтуцкага Нікаласа Ўудбрыджа, ПНБ і цеплавізары, якімі гандляваў ягоны падабаронны, шырока выкарыстоўваюцца паляўнічымі ды не маюць ваеннага прызначэння.

«Дып-кантрабанда»

Злачынная змова, у якой абвінавачваюцца фігуранты справы, паўстала на пачатку 2010 года, калі да Осіна, які незадоўга да гэтага перабраўся з Беларусі ў Філадэльфію, звярнуўся з выгаднаю прапановаю сябар ягонага бацькі. Як гаворыцца ў судовых дакументах, гэты чалавек працаваў беларускім дыпламатычным кур’ерам і рэгулярна лятаў з Менску ў Нью-Ёрк, паведамляе Расейская служба Бі-Бі-Сі.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных паведаміў, што консульская служба беларускага пасольства ў Вашынгтоне “ўважліва сочыць за гэтым судовым разборам і застаецца ў кантакце як з самім абвінавачаным, так і з ягоным адвакатам”.

Наконт меркаванага выкарыстання ў кантрабандзе беларускай дыпламатычнай пошты Андрэй Савіных падкрэсліў: “Дыпламатычную пошту немагчыма выкарыстоўваць для перавозкі асабістых грузаў. Згодна з унутранымі інструкцыямі, яна праходзіць некалькі этапаў апрацоўвання: пакуюць дэпешы адны працаўнікі, перавозяць іншыя, а адкрываюць непасрэдна ў спецчастцы Міністэрства замежных справаў. Пры гэтым строга кантралююцца і дакументуюцца дзень адпраўлення і вага. Кожная памылка або недакладнасць прыводзіць да службовага расследавання. Такім чынам, магчымасць злоўжыванняў, а таксама несанкцыянаванага доступу да дыппошты цалкам выключаная. Пошта можа ўтрымліваць сакрэтныя матэрыялы”.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў