Выязное мыта $ 100 – не жарт. Справаю зоймецца Пракаповіч?


Пасаж Аляксандра Лукашэнкі пра платны выезд для беларусаў усё ж можа стацца рэальнасцю. Пётр Пракаповіч ужо спрабуе «супакоіць» беларусаў: мыта не будуць браць з турыстаў.

Пракаповіч: выязное мыта – ужо неўзабаве

Былы старшыня Нацбанку, якога шмат хто вінаваціць у дэвальвацыі 2011 года, рызыкуе стаць самаю ненавіснаю ва ўрадзе фігураю. Хоць ідэя збіраць з беларусаў $ 100 пры выездзе за мяжу і належыць Лукашэнку, менавіта Пракаповіч першы сярод высокіх чыноўнікаў спрабаваў канкрэтызаваць увасабленне гэтай ідэі.

«Пытанні, якія тычацца ўвядзення мыта для тых беларусаў, што выязджаюць за мяжу, плануецца адпрацаваць цягам бліжэйшых месяца-паўтара. Пры гэтым выязное мыта не мусіць закрануць турыстаў», – цытуе дзяржаўнае БелТА словы віцэ-прэм’ера.

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, ідэі збору грошай за выезд – гэта «пацверджанне складанай сітуацыі ў вонкаваэканамічным гандлі Беларусі». Гэта праблема, паводле эксперта, паглыбленая складанаю сітуацыяй, што склалася праз эпідэмію афрыканскай чумы ды канфлікт з «Уралкаліем». «Выцягваць краіну» ізноў будуць шараговыя беларусы?

Колькі хоча зарабіць дзяржава?

Фота bymedia.netФота bymedia.netПаводле справаздачы беларускіх памежнікаў, у 2012 годзе зафіксавалі 8,4 млн выездаў беларусаў за межы радзімы. Вынікі першага паўгоддзя гавораць пра тое, што колькасць выездаў паcтупова павялічваецца.

Нават калі кожны другі беларус, што мінае мяжу, пазбегне аплаты мыта, у бюджэт трапіць не менш як $ 420 млн.

З першага дня, калі Лукашэнка агучыў скандальную ідэю са спагнаннем мыта, эксперты сумняваюцца ў яе рэалізацыі. «Увядзенне мыта на закупы – гэта практычна будзе капіяванне умоваў для юрыдычных асобаў: гэта дэкларацыя, мытны кантроль. Такой практыкі не існуе датычна фізічных асобаў нідзе на свеце. Бо практычна гэта стварэнне жалезнай заслоны, якая не можа ў сучасным свеце існаваць нейкі працяглы час, – мяркуе Аляксандр Сінкевіч. – Прымусовыя захады тут не спрацоўваюць, яны могуць даць адваротны эфект. І забароненыя тавары будуць завозіцца кантрабандным чынам або праз расейскую мяжу, у абыход забаронаў».



Рэакцыя беларусаў

Увядзенне мыта можа стаць адным з самых непапулярных рашэнняў цяперашніх уладаў – нароўні з падвышэннем мыта на аўты і дэвальвацыяй рубля. Усё гэта адбываецца на фоне заяваў аб захадах жорсткай эканоміі: на войску, на навуцы, спорце.

У відэаапытанні, што журналісты «Белсату» зладзілі ў Берасці, значная колькасць рэспандэнтаў гэтую ініцыятыву ацэньвае адмоўна. «З аднаго боку, падаецца, і добра, бо бюджэт мусіць папаўняцца, з іншага – калі б быў добры заробак у людзей, то хіба не ездзілі б па прадукты і тавары ў Польшчу», – зазначыла адна з жыхарак Берасця.

У беларускім жа інтэрнэце – шквал абурэння.

Прадуманы крок?

Увесці выязное мыта для беларусаў, што рушаць за мяжу па набыткі, Лукашэнка запрапанаваў на мінулым тыдні. Ён матываваў гэта тым, што грамадзяне, якія выязджаюць «на закупы» ў Еўразвяз, вывозяць з Беларусі $ 3 млрд за год.

Эмацыйную заяву пра тое, што праз частыя выезды беларусаў па тавар «у іх (у краінах Еўразвязу. – belsat.eu) развіваецца гандаль, вытворчасць, а мы боўтаемся тут, як дурні», можна было б лічыць недарэчнасцю. Аднак Лукашэнка таксама заявіў, што распрацаваць гэтую ідэю ён «даўно даручыў». «Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем – $ 100 з носа плаці ды едзь за мяжу», – растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў