Навальны грае мускуламі. Рэпартаж з «маскоўскай Плошчы»


На наступны дзень пасля выбараў мэра Масквы адзін з кандыдатаў, апазіцыянер Аляксей Навальны, вывеў сваіх прыхільнікаў на вуліцу. Ён не атрымаў перамогі ды патрабуе другога туру. У адваротным выпадку абяцае ўладам восень мітынгаў. На першым з іх пабываў наш карэспандэнт.

«Усе кажуць, а я раблю» – першае, што бачылі людзі, якія ішлі з метро на месца правядзення, была рэклама сумна вядомага МММ з партрэтам заснавальніка. Старанна аздобленая пад куб – адну з галоўных фішак візуальнай агітацыі Аляксея Навальнага. Гэта была адзіная правакацыя поствыбарчага мітынгу.

Купалаўскае «Не быць скотам» разносілася з калонак, пакуль збіраўся натоўп, і прымушала адчуваць сябе зусім не ў расейскай сталіцы. Гурт «Ляпіс Трубяцкой», які ў пятніцу выступіў дзеля падтрымання кандыдата, цяпер таксама стаў гукавым фонам. Грала пераважна беларускамоўная падборка. Што выглядае асабліва цікава, бо ў гэты ж дзень айчынныя сацсеткі абураліся старым запісам у блогу апазіцыянера пра беларускую мову.

Аляксей Навальны назваў дэманстрацыю «мітынгам стомленых назіральнікаў». І сапраўды, калі са сцэны прагучала пытанне, ці ёсць тут тыя, хто быў на выбарчых участках у такой якасці, рукі ўгору ўзняла ледзь не чацвёртая частка натоўпу. Што, відавочна, адбілася на настроі: яшчэ ў траўні масквічы на той жа Балотнай прызнаваліся, што прыйшлі з адчаю. У верасні яны ўжо часцей казалі, мітынг – дзейсны спосаб абараніць свой голас.

«Гэта – адзіны інструмент, які ў нас ёсць, – пратэставаць. А што яшчэ?! І вам мы жадаем таго ж, каб хоць у гэтым мы былі саюзнаю дзяржаваю», – Марыя Барысаўна, навуковы працаўнік на пенсіі, пачуўшы, што я з Беларусі, выдае зусім новае разуменне саюзу дзвюх краінаў.

З блогераў – у палітычныя лідары

{movie}Выступ Навальнага на мітынгу (фрагмент)|right|12409{/movie}

Сёлетнія выбары палітолагі назвалі пратэставымі. Не столькі таму, што ім спадарожнічаюць вулічныя акцыі, а праз спосаб галасавання: не «за што», а «супраць чаго». І такім варыянтам галасаваць «супраць» аказаўся апазіцыйны блогер-юрыст, які атрымаў нечакана высокі ўзровень падтрымання. На руку кандыдату, як ні дзіўна, згуляў і прысуд у справе «Кіраўлесу».

«Я не магу сказаць, што я – яго перакананы прыхільнік, але адна з прычынаў таго, што галасаваў «за», я дакладна ведаю: Навальнаму няма за што сядзець 5 гадоў. І цяпер ён пазбегне турмы, – разважае прадпрымальнік Юрый. Ён тут з жонкаю. – Людзі паставілі на яго, каб пацясніць тых, хто абвесціў манаполію сваёй улады. Так, у тым, каб галасаваць з пачуцця супярэчнасці, ёсць небяспека, але я дзейнічаю згодна з момантам».

Ухапіць момант у Аляксея Навальнага атрымалася. Яшчэ 2 гады таму ён выступаў на Балотнай плошчы як звычайны блогер, што займаецца антыкарупцыйнымі расследаваннямі. У першы дзень пасля мэрскіх выбараў 2013-га людзі сустракалі апладысментамі і радаснымі крыкамі пытанне, ці хочуць яны бачыць апазіцыянера прэзідэнтам.

«Змяні Расею. Пачні з Масквы» – лозунг гэтай выбарчай кампаніі сведчыць, што менавіта на гэта і разлічвалі. Праўда, для некаторых масквічоў такія планы сталі нагодаю не галасаваць. «Я не хачу мэра, які не збіраецца клапаціцца пра горад, а проста выкарыстоўвае яго, каб ісці далей», – пісалі ў сацсетках.

«Калі трэба будзе біць шкло, я вам скажу»

Натоўп сустракаў апладысментамі не толькі свайго кандыдата, але і яго суадказчыка ў справе «Кіраўлесу» Пятра Афіцэрава. Ён – відавочны народны герой: бацька пяцёх дзяцей, які трапіў ува ўсю гэтую гісторыю амаль выпадкова, але трымаецца годна ды ідзе да канца. Апроч яго, на сцэне з’явіліся пісьменнік Барыс Акунін, рок-журналіст Арцемій Троіцкі ды сябры выбарчага штабу.

Замест заяўленых 2,5 тысячаў на сустрэчу з кандыдатам прыйшлі ад 7 (паводле звестак паліцыі) да 80 тысячаў (паводле інфармацыі арганізатараў). Ісціна, як кажуць, недзе паміж.

«Калі трэба будзе біць шкло і пераварочваць машыны, я вам так адразу і скажу. Каб ішлі толькі тыя, хто гатовы гэта рабіць. А цяпер я запрашаў вас падтрымаць наш ультыматум і толькі. Вы гэта зрабілі, дзякуй!» – гэтак жартаўліва падсумаваў мітынг экс-кандыдат на мэры расейскай сталіцы Аляксей Навальны.

Адказ на ўльтыматум агучылі са сцэны: Маскоўскі гарвыбаркам пагадзіўся разгледзець скаргі каманды кандыдата. Аднак пераможца выбараў, Сяргей Сабянін, на заклік да перамоваў аб другім туры так і не адрэагаваў.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў